Казакевіч: У парламент патрапілі людзі не для завяршэння кар’еры
Як змяніўся новаабраны парламент па сваёй партыйнай і ўзроставай структуры ў параўнанні з парламентамі папярэднімі? Навошта ўладам такая колькасць партый у парламенце? Ці лёгка будзе прытушыць ініцыятыўнасць дэмакратычных дэпутатаў? Што за гульню распачалі ўлады такой “парламенцкай лібералізацыяй”? Каб адказаць на гэтыя ды іншыя пытанні ў студыю Еўрарадыё завітаў палітолаг Андрэй Казакевіч.
Цалкам размову з Андрэем Казакевічам можна паслухаць тут:
Лепшыя цытаты з размовы:
Выбары прайшлі без значнага ўжывання сілы і звычайных для беларускіх выбараў здарэнняў. Таму і без прадстаўнікоў апазіцыі ў парламенце ― ужо гэтага было дастаткова, каб мець добрыя стасункі з Захадам.
Улады вырашылі пайсці на эксперымент: зрабіць парламент больш палітычна разнастайным. Тычыцца гэта не толькі дэмакратычных дэпутатаў, але і праўладных партый ― яны атрымалі значна лепшыя вынікі, чым чатыры ці восем гадоў таму, каб такім чынам весці больш складаную палітычную гульню.
Апазіцыйных кандыдатаў не складана ізаляваць унутры парламента, каб ад іх была толькі рыторыка, але каб рэальнага яны нічога не змаглі зрабіць.
З 2000 года ў парламент абіралася да 60% людзей перадпенсійнага і раннепенсійнага ўзросту, для якіх гэта найчасцей было апошнім месцам працы. У абраным сёлета парламенце іх колькасць зменшылася да 15%, а больш стала людзей ва ўзросце 40-50 гадоў.
У парламент патрапілі тыя людзі, які будуць выкарыстоўваць яго не для завяршэння кар’еры, а як прыступку, каб далей быць уключаным у дзяржаўную ці палітычную дзейнасць.
12 гадоў, з 2004 па 2016, гэта выкрасленыя гады з жыцця беларускага парламентарызму ― парламент быў у максімальнай ступені дэпалітызаваны, у максімальнай ступені не ўключаны ў нейкія грамадскія працэсы. Цяпер ёсць устаноўка ці жаданне яго ўключыць туды.
Сітуацыя з уключэннем кандыдата ад АГП у парламент адразу планавалася як тое, што будзе ствараць пэўную канфліктнасць і падазронасць у апазіцыйным асяроддзі.
Проста так адмовіцца ад дэпутацкага мандата АГП было вельмі складана, бо гэта дае партыі новыя магчымасці для ўдзелу ў грамадскім жыцці, магчыма, уплываць не нейкія рэчы, што будуць адбывацца ў парламенце. Гэта і магчымасць крыху па іншаму пазіцыянаваць партыю на знешнепалітычнай арэне.
Прыняў мандат АГП, а магчыма, і ўся апазіцыя уключаецца ў гульню, якую зараз распачала ўлада. І гэта можа прывесці да нечаканых і негатыўных вынікаў
Магчымая мэта гульні ўладаў — уключэнне ў сферу сваёй дзейнасці з тым, каб на сваю карысць выкарыстоўваць патэнцыял дэмакратычных структур для знешнепалітычнай дзейнасці. Але і каб змяншаць іх патэнцыйную небяспеку ў нейкай крызіснай сітуацыі.
Фота Алеся Пілецкага