КДБ апублікаваў спіс затрыманых па гучнай "справе Кныровіча"
КДБ апублікаваў спіс затрыманых па гучнай справе бізнесмена Аляксандра Кныровіча. Пра тое, што ён апынуўся ў СІЗА КДБ стала вядома 26 студзеня, аднак афіцыйнай інфармацыі не было. Аднак у пятніцу на гэтую тэму выказаўся Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што ўсе людзі, якія давалі хабар і бралі яго, а таксама пасярэднікі будуць сядзець у турме. Пра Кныровіча кіраўнік дзяржавы выказаўся даволі жорстка: "На ім таўра ставіць няма куды".
КДБ Беларусі апублікаваў на сваім сайце падрабязнасці гэтай справы, а таксама спіс затрыманых. Адзначаецца, што гэта прадстаўнікі камерцыйных структур, прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы энергетыкі. Яны "арганізавалі карупцыйную сістэму паставак для дзяржаўных патрэбаў па завышаным кошце". У паведамленні адзначаецца, што з 2014-га прадстаўнікі ААТ "СарматТэрма-Інжынірынг" "шляхам змовы і подкупу" кіраўнікоў і службовых асобаў прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, арганізацый энергетыкі забяспечвалі правядзенне "замоўных" біржавых таргоў для рэалізацыі дарагой прадукцыі — тэрмаізаляваных трубаў.
Паводле КДБ, спачатку бакі ў прыватным парадку дамаўляліся пра ўмовы будучай здзелкі, пасля чыноўнікі дапамагалі бізнесменам сфармаваць прапанову ў поўнай адпаведнасці з заяўкай на закупку, размешчанай на Беларускай універсальнай таварнай біржы. Афармленне "замоўных" таргоў і іх правядзенне праз біржу здзяйснялі брокеры, якія працавалі ў інтарэсах ААТ "СарматТэрма-Інжынірынг" і атрымлівалі незаконныя ўзнагароджванні — 2-3% ад цаны здзелкі (а вось службовыя асобы прадпрыемстваў атрымлівалі да 7,5%). Адзначаецца, што сумы "адкатаў" закладваліся фірмай у сабекошт прадукцыі, завышаны кошт яе пасля ўлічваўся пры фармаванні камунальных тарыфаў. Атрымліваецца, што "фактычна прыбытак камрсантаў і хабары службовых асобаў аплочваліся за кошт насельніцтва". Вядома, што за два гады згаданая фірма паставіла арганізацыям нашай краіны трубнай прадукцыі на суму больш за 90 млн рублёў.
Праваахоўнікі задакументавалі выкарыстанне камерцыйнай структурай цэнтралізаванага "фонду размеркавання хабараў", з якога аплочваліся паслугі службовых асобаў у сталіцы, у Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Хабары ў рэгіёны траплялі толькі пасля паступлення плацяжоў па кантрактах. Грошы развозілі менеджары, якія былі "замацаваныя" за канкрэтнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Што да прыбытку, які атрымлівала фірма ў выніку "замоўных" таргоў, то грошы аператыўна пераводзіліся на рахункі "афіліраваных структур", у тым ліку незаконна выводзіліся за мяжу. Гэтыя сродкі размяркоўваліся паміж кіраўніцтвам ААТ, а таксама выкарыстоўваліся для дачы хабараў, інфармуе КДБ.
Затрыманні прайшлі 24-26 студзеня 2017-га. Падчас атрымання чарговых хабараў на агульную суму больш за 20 тысяч рублёў за садзейнічанне ў прасоўванні прадукцыі "СарматТэрма-Інжынірынг" супрацоўнікі дзяржбяспекі затрымалі кіраўнікоў і службовых асобаў дзяржарганізацый. У спісе наступныя асобы: А. Жур з Бярозаўскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, А. Клец з "Брэстэнерга", І. Сцішанок з "Гомельаблцепласетак", М. Аўдзяйчук і М. Даніловіч з "Брэстжылбуду". Быў затрыманы брокер А. Калтуноў, які з'яўляецца дырэктарам ААТ "Аншанс Плюс". На біржы ён прадстаўляў інтарэсы "Гомельаблцепласеткі" і "Свіслацкай ЖКГ". У іх адносінах распачалі крымінальныя справы па артыкуле "атрыманне хабару" (арт. 430 КК).
Таксама затрыманыя: згаданы ўжо Аляксандр Кныровіч — заснавальнік і дырэктар ААТ "СарматТэрма-Інжынірынг" (яго затрымалі 25 студзеня), яго намеснікі І. Максімаў і Е. Папоўскі, сузаснавальнік фірмы В. Дашкевіч, вядучы эканаміст А. Кускоў, вядучы спецыяліст Н. Казлоўская. У іх адносінах распачалі крымінальную справу па артыкуле "ўхіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў" (арт. 243 КК). Называецца сума 2,8 млн рублёў. У адносінах намеснікаў Кныровіча Папоўскага і Максімава распачалі крымінальныя справы па артыкуле "дача хабару" (арт. 431 КК). Яны арганізоўвалі перадачу грошай, сцвярджае КДБ.
Таксама паведамляецца, што была знойдзена так званая чорная бухгалтэрыя. Адзначаецца, што ўсе затрыманыя прызналі сваю віну.