КДБ пракаментаваў вызваленне медыкаў, затрыманых па карупцыйнай справе
КДБ пракаментаваў вызваленне некалькіх медыкаў, затрыманых па гучнай карупцыйнай справе. Пра вызваленне ў аўторак спачатку паведаміў партал tut.by. Вядома, што на волю выйшлі галоўны лекар Мінскай абласной лякарні Андрэй Каралько, загадчык эндаскапічнага аддзялення 9-й лякарні Андрэй Саўчанка, а таксама намеснік дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі.
У паведамленні КДБ адзначаецца, што следчыя прынялі рашэнне аб змене некалькім асобам (іх прозвішчы не называюцца) меры стрымання "на не звязаную з пазбаўленнем волі". Было ўлічанае "дзейнае раскаянне" і "супрацоўніцтва са следствам". Да таго ж асноўныя следчыя дзеянні з гэтымі асобамі ўжо завяршыліся, інфармуе БЕЛТА.
Вызваленыя не змогуць займаць пасады, якія звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, але могуць працаваць звычайнымі лекарамі. Далейшы лёс гэтых людзей вырашыць суд.
"Справа медыкаў" выбухнула ў чэрвені-ліпені 2018-га. Затрымлівалі не толькі лекараў, але і чыноўнікаў, звязаных з сістэмай дзяржзакупак. На дзяржаўных тэлеканалах паказвалі знойдзеныя ў затрыманых сотні тысяч долараў і еўра.