Кібальчыч: Мне прапанавалі больш не пісаць пра палітыку, я не пагадзілася
Трэці сезон папулярных курсаў “Мова ці Кава” быў запланаваны, але так і не адкрыўся.
На першы занятак трэцяга сезона, ён жа і апошні, прыйшлі пераважна журналісты. Амаль уся каманда курсаў адмовілася ад удзелу ў іх. Прычына – пазіцыя арганізатаркі “Мовы ці Кавы” Кацярыны Кібальчыч па украінскім пытанні. Журналістка расійскага “Першага канала” Кібальчыч не хавае сваіх пракрамлёўскіх поглядаў і актыўна іх выказвае ў сацсетках. Гэта выклікала рознагалоссі з мінскімі вядоўцамі курсаў, якія палічылі далейшае супрацоўніцтва з Кібальчыч непрымальным.
“Занятак сарваны. А трэцяй гадзіне пабачыла, што курсы адмяняюцца. Варта было б сустрэцца са студэнтамі і гаварыць не пра палітыку, а пра мову. Каля двух дзесяткаў чалавек вялі курсы і я нікому не дыктавала нічога. Наконт мовы: калі вы хочаце, каб белмова выйшла з гета, трэба рабіць з гэтага высновы. Я адбівала шмат нападак на курсы. Курсы фактычна перастаюць існаваць праз тое, што беларускамоўная суполка заклікала іх байкатаваць. Мне прапанавалі ўсё пакінуць, як ёсць, але пра палітыку у фб больш не пісаць. Я на гэта не пагадзілася... Я хачу, каб гэтая ініцыятыва увайшла у гісторыю як тая, дзе былі розныя погляды. Яны могуць працягваць. Але без таго, каб узгадваць маё імя”, - заявіла журналістам на апошнім занятку Кацярына Кібальчыч.
Упершыню курсы беларускай мовы “Мова ці Кава” пачалі парводзіцца ў 2012 годзе. Ужо ў 2013 стартаваў новы праект “Мова нанова”, затым адкрыліся курсы “Моваведа”.
Фота naviny.by