Кіраўнік беларускіх католікаў — супраць бясплатнай працэдуры ЭКА

Кіраўнік беларускіх католікаў — супраць бясплатнай працэдуры ЭКА

Касцёл выступае супраць прапановы Мінздароўя зрабіць для беларусак бясплатнай першую спробу ЭКА (экстракарпаральнага апладнення). Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце кіраўніка беларускіх католікаў мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі і міністра аховы здароўя Валерыя Малашкі

Свае аргументы Кандрусевіч падзяліў на дзевяць пунктаў і заявіў, што яны датычаць "будучыні нашай краіны". 

1. Працэдура ЭКА "парушае святасць акту зачацця, як гэта задумана Створцам". Па словах мітрапаліта Кандрусевіча, зачацце адбываецца ў выніку супрацы жанчыны і лекара, што наносіць удар па бацькоўству. "Ёсць шэраг даследаванняў аб тым, як цяжка маці і бацьку наладзіць нармальныя адносіны са сваім дзіцем, зачатым "у прабірцы", — заяўляе ён.

2. Каталіцкі мітрапаліт заступаецца за правы эмбрыёнаў: "Працэдура ЭКА немагчымая без знішчэння эмбрыёнаў, кожны з якіх мае такое ж права на жыццё, як і кожны з нас". 

Ён спасылаецца на афіцыйныя звесткі, што кожны год у Беларусі праводзіцца больш за 3000 поўных скончаных цыклаў дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій (ДРТ). Пры гэтым нараджаецца каля адной тысячы дзяцей у год. Значыць, як мінімум 2/3 зачатых дзяцей гіне, падсумоўвае Кандрусевіч.

Ён дадае, што пры шматлікіх праграмах ДРТ ствараюцца "так званыя запасныя эмбрыёны, якія пасля выкарыстоўваюцца для даследаванняў, знішчаюцца або замарожваюцца для далейшых спробаў ЭКА. Міф пра тое, што можна правесці ЭКА, маючы толькі адну яйцаклетку, — хлусня: ніводная клініка на такое не пагодзіцца. Аднак інфармацыя аб гэтым практычна недаступная".

3. На думку Кандрусевіча, ЭКА — "гэта велізарны бізнэс на чалавечай бядзе". Мітрапаліт кажа, што бізнэсоўцы і звязаныя з імі медыкі замоўчваюць цяжкія, "часам катастрафічныя наступствы гэтай працэдуры для жанчыны, а таксама дадзеныя аб слабым здароўі, а часам інваліднасці дзяцей, зачатых такім ненатуральным чынам". 

4. Кіраўнік беларускіх католікаў сумняецца, ці змогуць дзеці, зачатыя пры дапамозе ЭКА, самастойна стаць бацькамі: "Даследаванні на гэтую тэму альбо адсутнічаюць, альбо недаступныя". 

5. "ЭКА адкрывае шырокія магчымасці для сурагатнага мацярынства і гандлю дзецьмі. Па сваёй сутнасці сурагатнае мацярынства — гэта абмен дзіцяці ва ўлонні маці на грошы", — прыводзіць Кандрусевіч чарговы аргумент, змешваючы ЭКА і сурагатнае мацярынства. 

6. Мітрапаліт называе ЭКА бесчалавечнай працэдурай. Фінансаванне яе з бюджэту, кажа ён, "робіць нас усіх адказнымі за гэтае зло, з чым мы не можам пагадзіцца".

На яго думку, ЭКА не дапаможа палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне: "Цяпер у Беларусі нараджаецца штогод каля 100 тысяч дзяцей: натуральна, што 1 тысяча дзяцей, народжаных у выніку працэдур ДРТ, праблему дэмаграфіі ніякім чынам не вырашыць". Кандрусевіч прапануе звярнуць увагу на аборты, якіх у Беларусі робяць 30 тысяч штогод.

7. "ЭКА стала адпраўным пунктам для генетычнай інжынерыі, кланавання, прэ-імплантацыйных генетычных дыягназаў (адсяванне эмбрыёнаў), збору ствалавых клетак эмбрыёнаў, даследаванняў па дзецях ад трох бацькоў і гібрыдах чалавека і жывёл", — працягвае свае абвінавачванні кіраўнік беларускіх католікаў.

8. Выступаючы супраць ЭКА, Кандрусевіч лічыць, што працэдура ЭКА спрабуе падмануць бясплоднасць. "Бясплоддзе — гэта вялікі цяжар і суровае выпрабаванне для сужонкаў, але чалавечая годнасць не можа быць прынесена ў ахвяру дзеля мэты валодання дзіцем". На яго думку, дактары павінны імкнуцца вылечыць бясплоднасць, "а не замяняць Богам дадзены дар плоднасці медыцынскімі тэхналогіямі".

9. Бяздзетным сем'ям ён прапануе ўсынаўленне, патранатнае выхаванне або іншыя формы дапамогі дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Напрыклад, у беларускіх дамах-інтэрнатах знаходзяцца 3,4 тысячы дзяцей-сірот, пазбаўленых бацькоўскай апекі.

"Сур’ёзнай альтэрнатывай ЭКА з’яўляюцца метады распазнавання плоднасці (МРП), якія на сённяшні дзень практычна цалкам ігнаруюцца беларускім Міністэрствам аховы здароўя. Гэтыя метады нейтральныя з маральнага пункту гледжання, бяспечныя для здароўя, умацоўваюць сужэнства і ў многіх выпадках па эфектыўнасці пераўзыходзяць ЭКА", — называе Кандрусевіч магчымую альтэрнатыву і прапануе дапамогу Касцёла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі