Кіраўнікі абласцей і Мінска стралялі з пісталетаў, на чарзе — гранатамёты (фота)
18 лютага на палігоне пад Мінскам праходзяць практычныя заняткі са старшынямі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама. Яны знаходзяцца на зборы па тэрытарыяльнай абароне.
Як інфармуе БЕЛТА, на вайсковым стрэльбішчы 120-й асобнай механізаванай брыгады кіраўнікі абласцей стралялі з розных пісталетаў. Плануецца, што сёння яны атрымаюць магчымасць праверыць свае здольнасці ў стральбе з аўтамата Калашнікава, снайперскай вінтоўкі і ручнога супрацьтанкавага гранатамёта.
Таксама былі адпрацаваныя пытанні абсталявання месцаў размяшчэння вайскоўцаў у зімовых умовах, забяспячэнне тэрытарыяльных войскаў узбраеннем, сродкамі сувязі.
Як паведамляла Еўрарадыё, у сераду Аляксандр Лукашэнка выступіў у Мінску перад удзельнікамі збору па тэрытарыяльнай абароне. Ён запатрабаваў, каб гэтыя войскі былі гатовыя рэальна, а не на паперы. Асаблівая ўвага будзе звернутая на падрыхтоўку старшынь аблвыканкамаў, якія на сваіх пасадах атрымалі званні генерал-маёраў, але не маюць вайсковай адукацыі. Лукашэнка заявіў, што па яго камандзе будзе праведзена праверка войскаў тэрытарыяльнай абароны ў пэўных раёне, горадзе і рэгіёне.