Кіраўнікі з структуры ЖКГ прызналіся, што бралі вялізныя "адкаты"

Яны прызналіся, што атрымлівалі адкаты па здзелках для экалагічных праектаў. Гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў, піша "Ежедневник".

Крымінальную справу пачалі яшчэ тры гады таму, але папярэдняе расследаванне зацягнулася. Канцэрн "Белінкаммаш" укараняе энергазберагальныя тэхналогіі ў водаправоднай гаспадарцы і камунальнай цеплаэнергетыцы. Менавіта праз яго праходзяць цэнтралізаваныя закупкі абсталявання для патрэб ЖКГ.

Галоўным абвінавачаным па справе праходзіць былы гендырэктар "Белінкаммаша" Віктар Ждан. Па версіі абвінавачання, ён атрымліваў "адкаты" пры дзяржзакупках абсталявання ў замежных кампаній. Закупка рабілася па завышанай цане, пасля чаго рэшту здымалі з рахунку кампаніі-пасярэдніка і размяркоўвалі паміж хаўруснікамі.

Абвінавачанымі па справе таксама праходзяць прадстаўнік фінансавай кампаніі, які дапамагаў "адмываць" грошы з рахункаў пасярэднікаў, і прадстаўнік адной з замежных кампаній, у якой куплялася абсталяванне. Праўда, апошні абвінавачаны перад судом не з'явіўся — Беларусі яго не выдалі.

Падчас папярэдняга расследавання Віктар Ждан не прызнаваў сваёй віны. Аднак праваахоўнікі атрымалі паказанні дырэктара па маркетынгу Марцінкевіча, які непасрэдна праводзіў здзелкі. Паводле яго слоў, з рахункаў незаконна было знята каля 250 тысяч долараў. Ён забіраў грошы ў пасярэдніка і аддаваў 75% сумы Ждану, а сабе пакідаў 25%. Перад доказамі Ждан часткова прызнаў сваю віну, але не пагадзіўся з сумай "адкатаў".

Калі суд прызнае віну, падсудным пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Фота — fedpress.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі