Кіраўнікоў Каардынацыйнай рады, "Вясны" і Nexta хочуць судзіць завочна

Следчы камітэт / sb.by
Следчы камітэт / sb.by

Беларускія ўлады хочуць судзіць завочным судом удзельнікаў і кіраўнікоў праваабарончага цэнтра "Вясна", Беларускага фонду спартовай салідарнасці, Каардынацыйнай рады, тг-канала Nexta, а таксама Валерыя Цапкалу. Пра гэта прадстаўнікі Следчага камітэта заявілі на брыфінгу ў Мінску 28 верасня, перадаюць праваабаронцы.

"Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі распачатая спецыяльная вытворчасць у дачыненні да ўдзельнікаў і кіраўнікоў праваабарончага цэнтра "Вясна", якія ажыццяўлялі фінансаванне пратэснай дзейнасці ў Беларусі, "Нехта", якія каардынавалі пратэсную экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць у нашай краіне", — заявіў начальнк упраўлення Уладзімір Шышко.

Начальнік Галоўнага следчага ўпраўлення Яўген Архірэеў паведаміў, што падрыхтаваныя матэрыялы для пачатку спецыяльнага мерапрыемства супраць кіраўніцтва і ўдзельнікаў Беларускага фонду спартовай салідарнасці. Іх вінавацяць у тым, што "звярталіся да замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый з заклікамі байкатаваць правядзенне ў Беларусі шэрагу спартовых мерапрыемстваў і не дапускаць нашых спартоўцаў да спаборніцтваў".

"Спецыяльная вытворчасць" — гэта новаўвядзенне беларускай юрыспрудэнцыі. Яе прыдумалі, каб завочна судзіць палітуцекачоў, а потым, мабыць, пазбаўляць грамадзянства.

Як паведамляла Еўрарадыё, першай стала справа на адміністратараў тг-канала "Чорная кніга Беларусі". Паводле прэс-службы СК, гаворка ідзе пра Яніну Сазановіч, Данііла Багдановіча, Вольгу Высоцкую, Валерыю Занямонскую і Дзмітрыя Навошу.

Варта дадаць, што праваабаронцы ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч ды іншыя знаходзяцца пад вартай у Беларусі. Чаму на іх пачалі "спецыяльную вытворчасць", няясна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі