Кіраваградскі "Беркут" адмовіўся разганяць Майдан у Кіеве
Адзін з камандзіраў спецпадраздзялення заявіў, што байцы і афіцэры прынялі сумеснае рашэнне не выкарыстоўваць сілу супраць мірных пратэстоўцаў.
220 чалавек не сталі грузіцца ў аўтобусы і не паехалі ў сталіцу, дзе ўначы была спроба разгону акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, камандзіраў кіраваградскага "Беркута" ўжо адхілілі ад выканання абавязкаў.
МУС Украіны абвергла дадзеныя аб адмове "Беркута" ехаць у Кіеў. У ведамстве адзначаюць, што дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці хоць бы таму, што ў Кіраваградскім абласным упраўленні міліцыі не існуе такой вялікай колькасці байцоў спецпрызначэння. У ведамстве падкрэслілі, што невялікая частка супрацоўнікаў "Беркута" з Кіраваградзкай вобласці яшчэ з канца лістапада дапамагае кіеўскім калегам забяспечваць грамадскі парадак на вуліцах сталіцы, паведамляе РІА "Новости".
Нагадаем, падчас штурму барыкад і блокпастоў вакол Майдана ў Кіеве пацярпелі дзясяткі людзей. Аднак сама плошча і будынкі, якія кантралююць пратэстоўцы, не былі захопленыя "Беркутам". Цяпер на Майдане знаходзяцца больш за 50 тысяч чалавек.
Фота — ria.ru