Кітай можа выйграць у Егіпта "вайну" з-за котак
Дагэтуль прынята лічыць, што першыя хатнія коткі з'явіліся ў старажытным Егіпце, дзе існаваў нават адмысловы культ.
Аднак навукоўцы сцвярджаюць, што яшчэ раней — прыкладна 5,3 тысячы гадоў таму — коткі заключылі "саюз" з кітайскімі сялянамі для барацьбы з грызунамі.
Фіёна Маршал з універсітэта Вашынгтона ў Сэнт-Луісе і яе калегі даследавалі ізатопны склад парэшткаў некалькіх котак, якія жылі на паўночным усходзе Кітая прыкладна 5 тысяч гадоў таму. А пасля параўналі іх з такім жа даследаваннем астанкаў іншых жывёлаў. Высветлілася, што долі ізатопаў у касцях усіх жывёлаў, акрамя дзікіх, амаль не адрозніваліся ад чалавечых. А гэта азначае, што ў іх рацыён уваходзіла проса — асноўны прадукт на стале тагачасных кітайскіх сялян у гэтым рэгіёне.
Як паведамляе РІА "Новости", навукоўцы робяць выснову, што як мінімум 5,3 тысячы гадоў таму вёска Цюаньхуцунь была крыніцай харчавання для котак, якія жылі альбо ў наваколіі, альбо і ў самым населеным пункце. Такім чынам пацвярджаецца, што хатнія коткі з'явіліся ў Кітаі раней, чым у Егіпце.
Фота — ria.ru