Кітай увёў санкцыі супраць Тайваня
Напярэдадні на востраў прыляцела спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі / Reuters
Кітай з 3 жніўня ўвёў часовыя абмежаванні на гандаль з Тайванем некаторымі відамі тавараў. Пад забарону трапіў прыродны пясок — адгэтуль яго нельга пастаўляць на востраў. А з вострава з сённяшняга дня нельга завозіць у Кітай два віды рыбы і цытрусавыя. Пра гэта паведамляе Міністэрства камерцыі КНР.
Прычына такога рашэння не ўдакладняецца. СМІ не выключаюць, што Пекін вырашыў увесці часовыя санкцыі ў адказ на візіт на Тайвань спікеркі Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлосі.
Па ацэнцы Washington Post, часовыя эканамічныя санкцыі могуць спрыяць узнікненню крызісу на востраве. Забарона на пастаўку прыроднага пяску, да прыкладу, можа выклікаць сур'ёзныя праблемы ў будаўнічых кампаній. Пясок выкарыстоўваецца пры вытворчасці шкла і бетону, а таксама пры будаўніцтве дарог і аб'ектаў інфраструктуры.
Нэнсі Пэласі прыляцела на Тайвань напярэдадні, нягледзячы на пагрозы і пратэсты Пекіна. Агрэсіўна рэагаваць улады КНР не рызыкнулі, але ў МЗС краіны назвалі гэты візіт "сур'ёзнай палітычнай правакацыяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.