КНДР адмяніла перамовы з Паўднёвай Карэяй і прыгразіла адмяніць саміт з ЗША

КНДР адмяніла перамовы з Паўднёвай Карэяй і прыгразіла адмяніць саміт з ЗША

Афіцыйнае паўночнакарэйскае агенцтва навінаў ЦТАК апублікавала заяву намесніка міністра замежных спраў КНДР. У ёй гаворыцца, што Пхеньян адмаўляецца ад перамоваў з Паўднёвай Карэяй і можа перагледзець згоду на саміт з ЗША ў сувязі з тым, што Штаты "заганяюць нас у кут і ў аднабаковым парадку патрабуюць, каб мы адмовіліся ад ядзернай зброі".

Саміт паміж кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам быў запланаваны на 12 чэрвеня ў Сінгапуры. Дамова пра яго была дасягнутая яшчэ ў сакавіку, нагадвае Бі-Бі-Сі.

Напрыканцы красавіка кіраўнікі дзвюх Карэяў правялі сустрэчу і дамовіліся на далейшыя перамовы. Але цяпер Пхеньян адмяніў перамовы з Сеулам.

Меркавалася, што на перамовах абмяркуюць абвяшчэнне Карэйскага паўвострава бяз'ядзернай зонай, а таксама магчымасць заключэння мірнай дамовы, бо Карэйская вайна скончылася толькі падпісаннем перамір'я.

Паўночнакарэйскае кіраўніцтва нервова рэагуе на рэгулярныя сумесныя вайсковыя вучэнні Паўднёвай Карэі і ЗША. Пхеньян называе іх правакацыяй і падрыхтоўкай да ўварвання. У цяперашніх вучэннях пад кодавай назвай "Max Thunder" прымаюць удзел каля 100 баявых самалётаў.

Паўднёвая Карэя і ЗША заўсёды настойваюць, што мэта гэтых вучэнняў — чыста абарончая, а ладзяцца яны ў рамках дамовы 1953 года аб узаемнай бяспецы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі