Кнігарні: Кніг Шчура ў нас не было, Бахарэвіча вельмі хутка разабралі

Кнігарні: Кніг Шчура ў нас не было, Бахарэвіча вельмі хутка разабралі

Пераможцам самай прэстыжнай у Беларусі літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца сёлета стаў палітуцякач Макс Шчур з кнігай “Завяршыць гештальт”. З-за гэтага свайго статусу Шчур ужо амаль дваццаць гадоў не прыязджаў з Прагі, дзе цяпер жыве, на радзіму. Не было яго і на ўручэнні ўзнагароды. А ці ёсць кнігі лаўрэата ў айчынных кнігарнях?

Найперш ідзём у сталічную “Кнігарню "Ў"”.

У невялічкім памяшканні кнігарні ў першай палове дня пакупнікоў няма. Яўген Ціханаў шчыра прызнаецца: кнігі Макса Шчура цяпер няма.

“Шчур выдаваўся ва Украіне і яго досыць складана сюды прывозіць. Ён у нас быў, але попыт вельмі вырас пасля ўручэння прэміі, і таму скончыўся. Будзем яшчэ прывозіць”.

― А чаму б самім не выдаць?

― Мы выдавалі адну з кніг Шчура, але гэта было шмат гадоў таму. А вось з новымі ён да нас, здаецца, не звяртаўся.

Добра, а што наконт кніг пісьменніка, які заняў другое месца ― Альгерда Бахарэвіча. Яго “Белую муху, забойцу мужчын” я змагу набыць? Але і тут расчараванне.

“Наклад кнігі Бахарэвіча ўжо даўно разышоўся. Таму і яе няма, бо яна вельмі папулярная”.

Звяртаю ўвагу, што ў невялічкім па памерах памяшканні кнігарні цэлая шафа занятая кнігай Сашы Раманавай “Марцаў”. І што, карыстаецца папулярнасцю?

“Кніга вельмі паспяхова разыходзіцца. Па-першае, ёсць каля 500 чалавек, якія дапамаглі Сашы сабраць грошы на выданне кнігі ― фундатары, яны атрымаюць кнігу па падпісцы. Ды добра прадаецца”.

Праўда, колькі асобнікаў “Марцава” кнігарня прадала, мой суразмоўца не ўдакладняе.

― А можаце назваць мне Топ-3 ці 5 кніг, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?

― Складана складаць топы, калі першае месца ― прадалося 20 кніг за месяц, а другое ― 19. Гэта смешны топ. Пакуль любы топ, які я бачу ў інтэрнэце, выклікае ў мяне ўсмешку.

Іду ў галоўную дзяржаўную кнігарню “Цэнтральная” ў сталіцы. Кнігі Шчура, прызнаецца мне кансультант у аддзеле беларускай літаратуры, тут ніколі не было:

“Можа, пазней выдадуць і тады прывязуць”.

На пытанне пра кнігу Бахарэвіча адказ ужо звыклы: “Была, але ўсё разабралі”. Цікаўлюся хаця б кнігай Сашы Раманавай, але нечакана чую.

“Вы б лепш у “Кнігарню "Ў"”, можа, падышлі ― там хутчэй знойдзеце тое, што вас цікавіць”.

У “Ў” я ўжо быў, таму накіроўваюся ў іншую дзяржаўную кнігарню, “Белкніга”. Маладая дзяўчына-кансультант, каб спраўдзіць наяўнасць кніг, ідзе да камп'ютара.

“Шчур пішацца па-беларуску? ― цікавіцца яна і, заўважыўшы неразуменне пытання ў маіх вачах, удакладняе. ― Ён па-беларуску піша? Так… няма такога. Хто вас яшчэ цікавіць? Бахарэвіч? Яго таксама па-беларуску пісаць? Не, таксама няма”.

Як няма і кнігі Сашы Раманавай “Марцаў”. Затое, ёсць апошняя кніга Віктара Марціновіча. Але цяпер гаворка не пра яго… 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі