Колькі саляркі трэба для Т-34 і як асфальт абароняць ад танкаў
Еўрарадыё апісвае, як да параду рыхтуюць стары танк, у колькі абыдуцца бюджэту мерапрыемствы і як на іх трапіць.
У мінскім парадзе, прымеркаваным да 70-й гадавіны перамогі над нацыстамі, пройдзе каля 5 тысяч вайскоўцаў і 250 адзінак тэхнікі. Натуральна, у спіс трапілі сучасны танк Т-90, зенітна-ракетныя комплексы “Панцыр-С” і многае іншае. Але праедзе сваім ходам і тэхніка з 1940-х гадоў. Да прыкладу, танк БТ-7 (хоць на ім і дызельны рухавік нашых дзён) і Т-44.
Аднак асаблівую ўвагу прыцягвае легендарны Т-34. Экземпляр, які возьме ўдзел у парадзе, быў выпушчаны ў 1943 годзе і з вялікай доляй верагоднасці мог ўдзельнічаць у баявых дзеяннях.
“Мы стараліся рэстаўраваць гэтую машыну, не адыходзячы ад нормаў. Крылы пакінулі круглымі, рухавік і скрыня — арыгінальныя. Добра, што ўсё гэта было на складах захоўвання ў нашых вайскоўцаў”, — распавядае супрацоўнік “Лініі Сталіна”, механік-рэстаўратар Аляксандр Мікалуцкі, які ў тым ліку прыводзіў культавую машыну ў працоўны стан.
Спецыяліст тлумачыць, што калі зняць з пастамента любы Т-34, які дзесяцігоддзямі стаіць у якасці напаміну пра вайну, то машына пасля рэстаўрацыі і рамонту можа быць прыдатнай да выкарыстання ў першасным выглядзе.
“Калі пры Савецкім саюзе ставілі помнікі танкам, часам на пастамент машыны заганялі сваім ходам. Злівалі ваду, кансервавалі і пакідалі”, — тлумачыць спецыфіку Мікалуцкі.
Еўрарадыё: Колькі паліва расходуе Т-34, які возьме ўдзел у парадзе?
Аляксандр Мікалуцкі: “Каля 150 літраў на 100 кіламетраў. Гэта арыгінальны дызельны матор В-2. Рамантуючы яго, з 26 падшыпнікаў нам давялося замяніць палову, каб машына яшчэ адпрацавала не адзін дзясятак гадоў”.
Запраўляць Т-34 можна звычайным дызпалівам з беларускай запраўкі. Павядзе машыну на парадзе кадравы вайсковец. Для таго, каб асвоіць спецыфіку і натрэніравацца, рэтра-тэхніку забралі з “Лініі Сталіна” ва уручскую ваенную часць у канцы сакавіка.
Пасля параду камунальнікі дарогі… памыюць
Па магчымасці рэтра-машыны перавозяць на тралах. А вось сучасная шматтонная гусенічныя тэхніка на вачах мінчан які год знішчае дарожнае пакрыццё. На любое пярэчанне пра магчымае псаванне асфальту і заторы арганізатары параду рэагуюць словамі пра святасць і недатыкальнасць мерапрыемства. Тым не менш, цікавімся ў прэс-сакратара Мінабароны Уладзіміра Макарава, ці не закупляла яго ведамства спецыяльныя гумовыя накладкі, якія надзяваюцца на гусеніцы танкаў і абараняюць дарожнае пакрыццё.
“Не. Удакладнім. Калі што, вас праінфармуем”, — адказвае Макараў Еўрарадыё.
Можа быць, дарожныя службы прыдумалі нейкія інавацыі для лепшага захоўвання дарожнага пакрыцця?
“Пасля таго, як праходзяць ваенныя, з’яўляецца наша ўборачная тэхніка, — паведамляе Еўрарадыё Валерый Маркавец, намеснік дырэктара Рэмаўтадара Першамайскага раёна Мінска. — Калі яны выязджаюць з вайсковых часцей, там грунтовыя дарогі. На гусеніцах застаецца пясок. Мы яго прыбіраем”.
Ці можна верыць у тое, што парад каштуе ўсяго 1,1 мільёна долараў
Яшчэ адзін нюанс, які прымушае нервавацца прадстаўнікоў Мінабароны — гэта пытанні пра тое, у якія грошы абыходзіцца правядзенне параду.
Сёлета Мінабароны праз сваю ведамасную газету агучыла суму на правядзенне параду: не больш за 0,2% ад гадавога бюджэту (які складае на 2015 год 8,1 трыльёна рублёў). То бок атрымліваецца, парад каштуе блізу 16,2 мільярда (ці каля 1,1 мільёна долараў).
Цікава, што ў 2011 годзе той жа Макараў вобразна апісваў выдаткі на парад, перавёўшы іх у “каўбасу”. Маўляў, сумы хапіла б на тое, каб выдаць кожнаму беларусу па 10 грамаў “таннай каўбасы”. 10 грамаў варанай “Апетытнай гранд” вытворчасці “Дзяржынскага мясакамбіната” каштуе сёння 400 рублёў. Калі раздаць па 10-грамовай порцыі кожнаму беларусу, выйдзе 3,8 мільярда рублёў (ці каля 266 тысяч долараў). Розніца з сёлетнімі падлікамі шматразовая.
Навінка параду — амерыканцы
Мінскі парад Перамогі, магчыма, і не дацягвае па відовішчнасці да карнавалу у Рыа-дэ-Жанэйра, але можа здзівіць сваёй кантрастнасцю. Шматтонная баявая тэхніка на ім чаргуецца з трактарамі і лядоўнямі. Па адной дарозе праязджаюць ветэраны і праходзяць юныя піянеры ды спартсмены. Зброя чаргуецца з элементамі мірнага жыцця. Сёлета поруч з беларускімі вайскоўцамі традыцыйна пройдуць расійскія салдаты і нетрадыцыйна — аркестр ваенна-паветраных сіл ЗША.
Як трапіць на парад і да якіх нязручнасцяў быць гатовым?
Парад распачнецца 9 траўня ля стэлы “Мінск — горад герой” аб 11-й гадзіне. Тым, хто жадае на ўласныя вочы ўбачыць дзеянне, лепш прыйсці на месца хаця б за паўгадзіны. Усім гледачам давядзецца прайсці праз металашукальнікі як у аэрапорце. Усіх будуць здымаць на камеры. Натуральна, нажы, алкаголь і нават прафесійныя фотаапараты да праносу забароненыя. З пітва можна будзе пранесці толькі безалкагольныя напоі ў празрыстай пластыкавай тары, аб’ёмам не больш за 0,5 літра.