Конкурс на першы арэндны дом у Магілёве быў 30 сем'яў на кватэру

Арэндны дом па вуліцы Алтайскай у Магілёве аказаўся даўгабудам. Ён трапіў у спіс на сайце аблвыканкама, але і тут зацягнулі. Паводле графіку яго мусілі здаць у жніўні, а здалі ў верасні.

З удзелам кіраўніцтва Магілёўскай вобласці прайшло засяленне першых жыхароў дома, але аказалася, што і па сённяшні дзень у першым магілёўскім арэндным доме ніхто не жыве.

Як даведалася Еўрарадыё, першыя 5 кватэр сапраўды ўжо маюць гаспадароў — гэта супрацоўнікі міліцыі і КДБ. Паводле ўказа 512, сілавікі могуць першымі засяліць не больш за 10% кватэраў. У першым арэндным доме яны атрымалі 5 кватэр з 40, астатнія 35 размеркавалі сярод жадаючых.

"5 кватэр мы засялілі адразу, а да 26 верасня фарміравалі спіс людзей, якія прэтэндуюць на гэтыя кватэры. Згодна з указам 512, на сайце гарвыканкама вывешвалася інфармацыя пра гэты дом. І адрас — куды звяртацца. У нас гэта адміністрацыя Кастрычніцкага раёна. На працягу 15 дзён мы абавязаныя сфармаваць чаргу", — распавядаюць у Магілёўскім гарвыканкаме.

Хто ж атрымаў у арэнду новыя кватэры?

Паводле закону абмежаванняў няма, але цікавімся ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, па якім прынцыпе адбываўся адбор, бо конкурс на дом быў вялікі — на 35 кватэр было 1050 заяваў! Некаторыя пісалі заяву адразу на некалькі кватэр. Прынцып адбору просты: хто раней стаіць у чарзе на жыллё, той і выйграе ў конкурсе.

"На 10-ю кватэру 10 чалавек напісалі заявы. Нехта стаіць на чарзе з 2005 года, а нехта з 1998. Атрымае той, хто стаіць з 1998 года. Адзін чалавек пісаў на некалькі кватэр, некаторыя пісалі на ўсе", — кажуць ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва.

Бо так больш шансаў выйграць. Гэта як прахадны бал у ВНУ. Пісаць заявы могуць усе — нават тыя, хто ў чарзе на кватэру не стаіць. Але такія ў арэндны дом не патрапілі.

Пакуль жа ў арэндным доме ніхто не жыве. Спачатку разглядаліся заявы, цяпер будзе прымацца рашэнне аб засяленні, недзе ў сярэдзіне кастрычніка. А далей залежыць ад таго, хто калі прынясе дакументы.

Такім чынам, засяленне мусіць пачацца не раней за лістапад. А ў снежні ў Магілёве плануюць здаць другі арэндны дом на 40 кватэр. Кошт двухпакаёкі ў гэтых дамах — 880 тысяч рублёў за месяц, плюс камунальныя. Сёння ў горадзе можна зняць аднушку толькі за 150 долараў.

Фота: region.mogilev.by, на фота старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік уручае ключы першым арандатарам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі