Кожны тыдзень чакання закона "Аб хатнім гвалце" каштуе двух забойстваў
У Беларусі ўжо 3 гады распрацоўваюць закон "Аб хатнім гвалце". "Хочацца верыць, новы закон будзе прыняты у 2019 годзе", — акрэсліваюць перспектывы прадстаўнікі МУС. Інакш кажучы, яшчэ як мінімум паўгода (а рэальна — 10 месяцаў, да пачатку вясновай сесіі ў парламенце) краіна пражыве без дакумента, які абараняў бы ахвяр хатняга гвалту.
Што гэта значыць?
Звернемся да міліцэйскай статыстыкі, якая публікуецца ў адкрытых крыніцах:
— кожныя 3,5 хвіліны ў міліцыю паступае званок з паведамленнем пра тое, што кагосьці збівае партнёр ці нехта іншы з сям'і. За паўгода такіх званкоў будзе 75 тысяч;
— кожныя 10 хвілін адбываецца адміністрацыйнае правапарушэнне ў побыце;
— кожныя 8,5 гадзін міліцыя заводзіць крымінальную справу пра пагрозу забойствам;
— кожныя 15 гадзін адбываецца "бытавое" катаванне;
— кожную 21 гадзіну нехта атрымлівае лёгкае цялеснае пашкоджанне ў побыце;
— кожныя 2 сутак — цяжкае цялесныя пашкоджанне;
— кожныя 3,5 сутак адбываецца забойства на бытавой глебе;
— кожныя 2 тыдні над дзіцём у сям'і здзяйсняецца згвалтаванне ці гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару.
Паўгода чакання закона чакання закона "Аб хатнім гвалце" — гэта не абстракцыя. Яны будуць каштаваць жыцця 50 беларусам, ахвярамі гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару зробяцца 10 дзяцей.
Еўрарадыё запускае лічыльнікі, на якіх гэта будзе добра відаць. Лічбы на некаторых з іх будуць змяняцца павольна, на іншых — хутка. Але за кожнай з гэтых лічбаў — трагедыя.