Кожны знойдзе свае прычыны — Onlíner пра тое, што адбываецца з парталам
Onliner абвясціў пра перазапуск раздзела "Людзі" і з'яўленне новай рубрыкі "Лайфстайл"
Рэдакцыя партала Onlíner вырашыла растлумачыць, што адбываецца з інфармацыйным напаўненнем партала.
Яшчэ ў мінулым годзе Onlíner быў адным з самых яркіх медыя, якія асвятлялі ўсе актуальныя падзеі ў краіне. Партал пісаў і пра выбары, і пра паслявыбарчыя пратэсты. Аднак на фоне рэпрэсій, якія ўлада пачала ў дачыненні да незалежных СМІ, сайт перастаў публікаваць артыкулы і навіны на значныя палітычныя і сацыяльныя тэмы.
"У апошнія месяцы многія з вас маглі заўважыць перамены ў навінавай павестцы Onlíner. Сёння мы сфармулюем асноўныя змены, каб дыстанцыя паміж намі заставалася мінімальнай", — гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле, апублікаваным у сераду на партале.
Змяняецца раздзел "Людзі", які, на думку самой рэдакцыі, у апошнія гады стаў "нашым галоўным навінавым адлюстраваннем грамадскага жыцця". Але ў тым выглядзе, у якім ён існуе цяпер, гэты раздзел "перастаў выконваць свае асноўныя функцыі. Кожны знойдзе ў гэтым свае прычыны і падставы".
Раздзел "Людзі" больш не будзе займацца навінамі, а будзе публікаваць гісторыі пра пенсіянераў, людзей з інваліднасцю і шматдзетныя сем'і.
З'явіцца раздзел "Лайфстайл". Ён будзе прысвечаны тэмам здароўя, псіхалогіі, адносін, культуры і моды — усяму таму, што, на думку рэдакцыі, "фармуе актуальныя мяжы жыцця чалавека кожны дзень".
Пасля выбараў мінулай восенню з рэдакцыі Onlíner сышло адразу некалькі журналістаў, у тым ліку галоўны рэдактар Мікалай Казловіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.