"Красавік і травень будуць прасаднымі": як каранавірус б'е па вяселлях
Фота: Вольга Мел
Першы хворы на каранавірусную інфекцыю ў Беларусі з'явіўся амаль месяц таму. Колькасць тых, хто заразіўся, ужо дасягнула 81 чалавека. Хоць у краіне не ўвялі каранцін і нават не закрыты межы, многія кампаніі адпраўляюць сваіх супрацоўнікаў на аддаленую работу, канцэрты і паб-квізы адмяняюцца, рэстаратары кажуць пра 80-працэнтнае падзенне выручкі, а дактары рэкамендуюць лішні раз не выходзіць з дому.
А што робяць тыя, у каго на сакавік і красавік былі запланаваны вяселлі? Планы на такія ўрачыстасці будуюцца на шмат месяцаў наперад! А карпаратывы, прымеркаваныя да пэўных дат? Няўжо адмяняюцца? Еўрарадыё вырашыла спытаць пра гэта ў мінскіх вядучых урачыстых мерапрыемстваў.
Вядучы Арцём Астраўлян кажа, што на наступныя два месяцы ў яго адваліліся ўсе карпаратыўныя мерапрыемствы. Надзея не застацца без хлеба — толькі на маладажонаў, але і яны падводзяць:
"Усё, што было ў мяне запланавана на красавік, пераносіцца на жнівень. Цяпер на красавік "вісяць" два вяселлі, але цяпер таксама пад пытаннем іх правядзенне. Два вяселлі для мяне — гэта мала. Хоць гэта і непапулярны месяц з-за посту, але звычайна праводзіў дзесьці каля шасці вяселляў".
Вядучы Станіслаў Навацкі пацвярджае: сакавік і красавік — не вясельны сезон праз пост. Таму колькасць вяселляў у гэты перыяд і так заўсёды мінімальная.
"Што да іншых мерапрыемстваў — адкрыццяў і карпаратываў, — то ў мяне — так [адмяняюцца], але ёсць тыя, у каго і не. Але думаю, у хуткім часе гэта закране ўсіх: па-першае, з-за каранавіруса, па-другое, з-за долара [росту курса ў адносінах да рубля. — Еўрарадыё]. Калі хтосьці зараз яшчэ дасвяткуе, то красавік і травень будуць прасаднымі настолькі, што такога яшчэ ніхто не бачыў", — дае несуцяшальныя прагнозы Станіслаў Навацкі.
А вось Арцём Кавалёнак кажа, што хвалі адмен або пераносаў не заўважыў:
"Адзінае, што было: пры заключэнні дагавора прасілі пра магчымасць вяртання перадаплаты на выпадак, калі раптам будзе [у перспектыве] з-за каранціну адменена правядзенне масавых мерапрыемстваў. І так, я прыняў гэтую сітуацыю і пагадзіўся на гэта. Звычайна перадаплата не вяртаецца".
Арсеній Святлоў спадзяецца, што "да лета ўсё скончыцца": асноўныя заказы на вяселлі ў яго менавіта ў гэты перыяд. Вядучы расказвае сумную гісторыю інтэрнацыянальнага вяселля, якое прыйшлося адмяніць: нявеста — беларуска, а жаніх... француз італьянскага паходжання!
"Усё, што ёсць на лета, пакуль не адмяняецца, але красавік і травень — ужо ёсць нейкія пераносы на лета. Але вось 8 траўня ў мяне павінна было быць вяселле беларуска-французскае. Была ўжо знята сядзіба, заказаны некаторыя падрадчыкі, нават ужо ўвесь таймінг мерапрыемства прапісаны... І вяселле цалкам адмянілася. Проста людзі не ведаюць, што тады [у траўні. — Еўрарадыё] будзе", — расказвае Арсеній Святлоў.
Пра сакавіцкі і красавіцкі "несезон" нагадвае і Дзяніс Ліпень. Асаблівых змен у паводзінах людзей на тых нешматлікіх мерапрыемствах, якія цяпер усё ж такі праходзяць, вядучы не заўважыў.
"Заўсёды на мерапрыемствах прысутнічае алкаголь — людзі забываюць усё, яны не будуць думаць пра каранавірус. Людзі ўсё роўна весяляцца — жыццё працягваецца. Так, цяпер хтосьці прыходзіць са сваімі антысептыкамі. Ёсць такое, што кожныя 15 хвілін апрацоўваюць рукі. Але ніхто ў масках не ходзіць — усё як звычайна", — рэзюмуе Дзяніс Ліпень.
Дарэчы, беларускія медыкі 23 сакавіка заклікалі людзей не наведваць масавыя мерапрыемствы без крайняй неабходнасці. Асабліва гэта датычыцца людзей сталага веку, якія знаходзяцца ў "групе рызыкі" па каранавірусе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.