Крысціян Вігенін: Беларусь сама сябе выключыла з Еўранэста
Еўранэст стартуе без нашай краіны, але пры ім будзе працаваць група па Беларусі, якая паспрабуе дапамагчы правесці больш дэмакратычныя парламенцкія выбары.
Устаноўчы сход Еўранэста адбудзецца без дэлегацыі Беларусі ў сакавіку ці красавіку. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента ў Еўранэст Крысціян Вігенін. Згодна з яго словамі, Канферэнцыя прэзідэнтаў Еўрапарламента дала зялёнае святло на пачатак працы без Беларусі, і зацягваць час няма прычын.
Крысціян Вігенін: “Усе намаганні забяспечыць Беларусі паўнавартасны ўдзел былі цалкам перакрэсленыя беларускімі ўладамі ў асноўны дзень галасавання 19 снежня і іх наступнымі дзеяннямі. Так Беларусь сама сябе выключыла з гэтага працэсу. У святле падзеяў у паўднёвым Міжземнамор'і ў Еўрапарламенце няма большасці, якая б выступала за ўдзел таталітарнага па сваёй сутнасці рэжыму.
І нашы партнёры з іншых парламентаў разумеюць, што з такой сітуацыяй больш не могуць абараняць паўнавартасны ўдзел Беларусі ў Парламенцкай Асамблеі. Цяпер яны больш гатовыя пачаць і без Беларусі”.У святле падзеяў у паўднёвым Міжземнамор'і ў Еўрапарламенце няма большасці, якая б выступала за ўдзел таталітарнага па сваёй сутнасці рэжыму.
І нашы партнёры з іншых парламентаў разумеюць, што з такой сітуацыяй больш не могуць абараняць паўнавартасны ўдзел Беларусі ў Парламенцкай Асамблеі.
Нагадаем, у 2010 годзе спікеры парламентаў Украіны, Малдовы, Грузіі, Азербайджана і Арменіі супольна выказалі сваё меркаванне аб неабходнасці ўключэння ў Еўранэст беларускіх парламентарыяў. Але апошнія падзеі ў Беларусі прымусілі іх адступіць ад ранейшай пазіцыі.
Праўда, і на ўдзел прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў якасці назіральнікаў парламенты іншых краін "Усходняга партнёрства" не пагадзіліся.
Крысціян Вігенін: “Цяжкі працэс перамоваў з нашымі партнёрамі доўжыўся больш за год. Мы прынялі працоўнае рашэнне, што не можам замяніць парламентарыяў прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Але мы будзем старацца інфармаваць іх як мага больш поўна, а таксама па магчымасці ўключаць у дыскусіі Парламенцкай Асамблеі”.
Іншая важная прычына пачаць працу Еўранэста без затрымак — нагадаць пра важнасць супрацоўніцтва з усходнімі суседзямі менавіта цяпер, у час вырашальных падзеяў на поўначы Афрыкі.
Крысціян Вігенін: “Уся ўвага скіраваная на нашых паўднёвых суседзяў, і ўжо чуюцца галасы за тое, каб перавесці фінансавую падтрымку з "Усходняга партнёрства" на поўдзень. Такі погляд уяўляецца небяспечным. Нягледзячы на важныя падзеі ў Міжземнамор'і, мы не можам закінуць адносіны з усходнімі партнёрамі. Таму пачатак працы Еўранэста нагадае, што шмат працы ёсць і на Усходзе. Да таго ж, варта пачаць працу Еўранэста загадзя перад Самітам "Усходняга партнёрства", які пройдзе ў другой палове года”.
Крысціян Вігенін усё ж спадзяецца, што наступныя парламенцкія выбары пройдуць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, і тады вакантныя месцы Беларусі ў Асамблеі будуць занятыя. З гэта мэтай пры Еўранэсце будзе працаваць спецыяльная працоўная група па Беларусі, якая “пастараецца дапамагчы беларускім уладам стварыць такія ўмовы, якія б забяспечылі больш дэмакратычныя, свабодныя парламенцкія выбары”.
Нагадаем, раней еўрадэпутат Элізабэт Шродтэр у інтэрв’ю Еўрарадыё звярнула ўвагу на тое, што беларускія дэпутаты нават не запратэставалі супраць жорсткіх дзеянняў праваахоўных органаў 19 снежня.
Элізабэт Шродтэр: "Яны [дэпутаты Палаты прадстаўнікоў] нават не выказалі пратэсту па апошніх падзеях, запужваннях, што адбываюцца ў Беларусі. Таму нам цяжка прыняць такіх людзей".
Нагадаем, Парламенцкая Асамблея Еўранэст плануецца ў выглядзе форума, які будзе маніторыць і аналізаваць падзеі, звязаныя з ініцыятывай “Усходняе партнёрства”. У яе склад увойдуць 60 дэпутатаў Еўрапарламента, па 10 дэпутатаў нацыянальных парламентаў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Адведзеныя 10 месцаў для Беларусі застануцца вакантнымі.