Курэйчык: Пачуццё таго, што мы першыя, нас трошкі ап’яніла

З сцэнарыстам і прадусарам серыялу Андрэем Курэйчыкам Еўрарадыё паразмаўляла падчас здымкаў канцэртнай часткі (праца над драматычнай часткай ужо скончаная).
120116 Kurejchik_site.mp3
Еўрарадыё: Калі можна будзе пабачыць ужо гатовы варыянт серыялу?

Андрэй Курэйчык: Я мяркую, што гэта адбудзецца вясной, таму што пасля здымкаў яшчэ мы павінны ўсё гэта змантавать і агучыцць, падрыхтаваць да выхаду. Таму гэта — вясна. Але дакладную дату, вядома, я вам сёння яшчэ не назаву. Мы спадзяемся, што гэта будзе гатова напрыканцы сакавіка — у пачатку красавіка.

Будзе восем серый па сорак чатыры хвіліны, а, магчыма, у нас атрымаецца зрабіць і паўнаметражную версію — аб’ём, які дазваляе расказаць цікавую гісторыю...

Еўрарадыё: Вы нават распачалі блог, у сувязі з тым, што ў вас было так шмат эмоцый падчас здымак гэтага серыялу. І вы імі хацелі падзяліцца з усімі інтэрнэт-карыстальнікамі. Што ж такога неверагоднага адбывалася на здымачнай пляцоўцы?

Андрэй Курэйчык: Мы самі аб’яднаныя гэтым пачуццём сумленнага адлюстравання беларускага жыцця, беларускай рэальнасці, беларускай моладзі. Нам здаецца, што мы знайшлі абсалютна дзіўную эстэтыку, знайшлі класных герояў. Проста пачуццё таго, што мы з’яўляемся першымі ў стварэнні такога нацыянальнага беларускага сучаснага кіно, нас трошкі ап’яніла.

Еўрарадыё: “Вышэй за неба” — гэта проста мастацтва ці артхаус?

Андрэй Курэйчык: Там шмат элементаў артхауса, таму што гэта аўтарскае кіно. Кіно, дзе ёсць зона такога некранутага арта і ёсць зона творчай свабоды, і адсутнічае нейкая кан’юнктура. То бок у гэтым сэнсе, гэта — артпрадукт.

Еўрарадыё: І вы лічыце, што гэты серыял стане хітом?

Андрэй Курэйчык: Мы ўпэўненыя ў гэтым. Таму што сёння ў нас канкурэнтаў няма і не было ў апошнія гады.

Еўрарадыё: А можа ўжо ёсць прапановы пра нейкі працяг — “Вышэй за неба-2”, калі ўсё вось так добра пайшло, лёгка?

Андрэй Курэйчык: Яшчэ цяжка аб гэтым гаварыць, ці лёгка ўсё пайшло, таму што судзіць нас будуць па канчатковым прадукце. Але калі на гэта будзе запатрабаванне, то, вядома, я с задавальненнем запушчу яшчэ адзін такі праект. 

Фота — belapan.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі