Латушка: Макей не ўзгадніў серыял пра Каліноўскага за антырасійскасць
Павел Латушка / Еўрарадыё
У 2011 годзе Уладзімір Макей, які тады быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, не ўзгадніў стварэнне серыяла, прысвечанага паўстанню Кастуся Каліноўскага. Пра гэта выданню MOST расказаў Павел Латушка, які ў той час займаў пасаду міністра культуры.
"Гэты праект ішоў складана. Адміністрацыя ставіла палкі ў колы, і мне прыйшлося гутарыць на гэты конт з Макеем. На што Макей мне выказаў сваю заўвагу: "Гэты праект не можа быць рэалізаваны з прычыны таго, што Кастусь Каліноўскі — антырасійская гістарычная асоба", — дзеліцца ўспамінам Латушка.
У адказ ён, як згадвае, заявіў Макею наступнае: "Калі мы паглядзім на гісторыю беларускага народу, то большасць гістарычных падзей звязана менавіта з барацьбой беларусаў за сваю незалежнасць супраць Расійскай імперыі".
Пасля забароны на здымкі серыяла пра паўстанне Каліноўскага Латушка, па яго словах, павесіў у сваім кабінеце карціну Пятра Сергіевіча "Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года", напісаную ў 1955 годзе.
"Можаце сабе ўявіць, што гэтая работа — прыкладна два на тры метры. Гэта была ўся сцяна ў кабінеце міністра культуры, дзе размясціўся гэты твор мастацтва", — кажа экс-міністр.
Твор захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Даставіць яго ў кабінет міністра дапамагаў гендырэктар Мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.
Па словах Латушкі, яго пераемнік на пасадзе міністра Барыс Святлоў хутка прыбраў гэты твор з кабінета.
Дарэчы, акурат сёння спаўняецца роўна 185 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.