Латушка паведаміў, што абмяркоўваў на сустрэчы з Падаляком

Павел Латушка / Еўрарадыё
Павел Латушка / Еўрарадыё

У Кіеве кіраўнік НАУ і прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка сустрэўся з дарадцам кіраўніка Офіса Уладзіміра Зяленскага Міхаілам Падаляком.

Пра гэтую сустрэчу палітык напісаў у сваім акаўнце ў Твітары, але без падрабязнасцяў. У каментары "Нашай Ніве" ён раскрыў некаторыя дэталі перамоваў.

З Падаляком яны абмяркоўвалі адказнасць рэжыму Лукашэнкі за незаконны вываз украінскіх дзяцей, ролю Саюзнай дзяржавы ў арганізацыі агрэсіі супраць Украіны, ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы, яе ролю, у тым ліку ў перамяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Паведамляецца, што сустрэча адбылася з ініцыятывы беларускага боку пры падтрымцы дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Багдана Яроменкі.

Па выніках сустрэчы Латушка зрабіў вынову, што афіцыйны кіеў не падтрымлівае ніякіх кантактаў з рэжымам Лукашэнкі і ўзнаўляць іх не плануе.

"Трэцяя выснова: ёсць упэўненасць, што цяпер партнёрства Украіны з Беларуссю будзе ажыццяўляцца з прадстаўнікамі шырокіх дэмакратычных сіл", — дадаў Латушка.

Па яго словах, пытанне не стаяла так — сустракацца з ім ці з Святланай Ціханоўскай. Палітык кажа, што прыехаў, каб перадаць дакументы пра ўдзел Лукашэнкі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Украінская Генпракуратура прыняла іх для папярэдняга следства.

Падчас візіту ва Украіну Латушка сустрэўся таксама з дэпутатамі Вярхоўнай Рады, міністрам культуры і інфармацыі, а таксама з іншымі чыноўнікамі і экспертамі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі