Лаўроў ляцеў у Пекін, але раптам павярнуў борт у Маскву — Bild
Сяргей Лаўроў / ТАСС
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў накіроўваўся ў ноч на чацвер у Пекін, але да Кітая так і не даляцеў, паведамляе нямецкае выданне Bild.
Самалёт расійскага міністра паспеў пераадолець 2 800 кіламетраў з амаль 6 тысяч кіламетраў шляху, калі было прынятае рашэнне вярнуцца ў Маскву. Гэта адбылося ў раёне Новасібірска.
Свет цяпер гадае, піша Das Bild, "ці Пекін не прыняў міністра замежных спраў Пуціна, ці Пуцін адклікаў яго, таму што ў Маскве гарыць дом".
Нагадаем, некалькі дзён таму прэса ў ЗША пісала, што Масква прасіла Пекін пра дапамогу — фінансавую і ваенную. 14 сакавіка дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван сустракаўся ў Рыме з кітайскім дыпламатам, членам Палітбюро Кампартыі Ян Цзэчы, каб папярэдзіць яго пра сур'ёзныя наступствы ў выпадку аказання ваеннай дапамогі Расіі.
У амерыканскай газеце The Washington Post надоечы выйшаў артыкул пасла КНР у ЗША Цыня Гана. Кітайскі дыпламат заявіў, што вайна Расіі з Украінай не ідзе на карысць КНР і што Пекін не ведаў пра намеры Расіі.
"Калі б Кітай ведаў пра непазбежны крызіс, мы б зрабілі ўсё магчымае, каб прадухіліць яго", — заявіў пасол.
А напярэдадні прадстаўнік КНР ва Украіне Фан Сяньжун на нарадзе ў Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі заявіў, што Кітай ніколі не нападзе на Украіну, але падтрымае яе.
"У той сітуацыі, якая цяпер склалася, мы будзем дзейнічаць адказна. Мы ўбачылі, наколькі вялікае адзінства ўкраінскага народа, а значыць, і яго сіла", — сказаў дыпламат.
Пазней афіцыйны прадстаўнік расійскага МЗС Марыя Захарава заявіла, што нямецкае выданне распаўсюджвае фэйкі. Паводле яе слоў, Лаўроў "учора дапазна працаваў, а раніцай прыступіў да падрыхтоўкі да перамоваў з блізкаўсходнімі калегам у Маскве".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.