Лазавік: Не толькі “Белая Русь” зможа вылучаць кандыдатаў на выбарах!
Цэнтравыбаркам прапануе не даваць кандыдатам грошы на друк улётак, робіць удзельнікамі выбараў “Белую Русь” і рух "За свабоду" і называе гэта “лібералізацыяй”.
Цалкам размова з Мікалаем Лазавіком:
Еўрарадыё: Цэнтравыбаркам накіраваў свае прапановы па змене выбарчага заканадаўства. Назавіце самыя, на ваш погляд, важныя.
Мікалай Лазавік: ЦВК прапануе ўдасканаліць вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты парламента і мясцовых саветаў. Сёння такое права маюць працоўныя калектывы, грамадзяне шляхам падачы заяў і палітычныя партыі. Найбольш проста — ад палітычных партый. На мінулых выбарах адна з партый сабрала з’езд з 20 чалавек і вылучыла больш за 40 кандыдатаў, якія нават не збіраліся да канца ўдзельнічаць у выбарчым працэсе.
Палітычныя партыі ў нас, на вялікі жаль, вельмі слабыя і нешматлікія, і часам вылучаюць кандыдатамі не самых вартых грамадзян. Паводле прынцыпу: чым багатыя — тым і радыя. Гэтую сітуацыю можна выправіць, калі дадаць грамадскія аб’яднанні. У нас ёсць грамадскія аб’яднанні, якія аб’ядноўваюць дзясяткі і сотні тысяч сябраў. І яны маглі б вылучыць аўтарытэтных і вартых кандыдатаў.
Еўрарадыё: Ці гэта не змены пад “Белую Русь”?
Мікалай Лазавік: Будзе мець такое права і Беларуская асацыяцыя журналістаў, якая стаіць на пазіцыях, далёкіх ад пазіцый “Белай Русі". Гэта могуць быць як праўладныя, так і апазіцыйныя арганізацыі. Галоўнае, каб гэта не была арганізацыя, якая ўся змяшчаецца ў адным кабінеце, і яшчэ вольныя крэслы застаюцца. І каб яна была афіцыйна зарэгістраваным грамадскім аб’яднаннем. А такіх сёння налічваецца каля 40.
Другая наша прапанова спрыяе актывізацыі агітацыйнай кампаніі. Гэта можна зрабіць, калі дазволіць кандыдатам больш свабодна выкарыстоўваць свае выбарчыя фонды. Магчыма, аб’ём гэтых фондаў мусіць быць большым. Можа, даць права фармаваць такі фонд не кандыдатам, а тым асобам, якія толькі збіраюцца стаць кандыдатамі, — падчас фармавання ініцыятыўнай групы. Бо на працу гэтай групы таксама нейкія сродкі патрабуюцца. А калі гэтыя сродкі ў кандыдатаў будуць, то, магчыма, яны будуць больш актыўна праводзіць агітацыйную кампанію, нейкую прадукцыю друкаваць.
Прапаноўваецца больш канкрэтна прапісаць у Выбарчым кодэксе нормы, якія забараняюць агітаваць за байкот. Агітацыя за байкот застаецца, права на агітацыю за байкот мы не лічым неабходным прыбіраць. Але гэта не павінна адбывацца за дзяржаўны кошт. Не за тыя грошы, якія выдаткоўвае дзяржава для агітацыйнай кампаніі.
Еўрарадыё: ЦВК прапаноўвае, каб агітацыя за байкот рэгулявалася не выбарчым заканадаўствам, а законам "Аб масавых мерапрыемствах"? А калі гэта не мітынг, а ўлётка — пры чым тут гэты закон?
Мікалай Лазавік: Не трэба змешваць друкаваную прадукцыю і правядзенне масавых мерапрыемстваў. Калі нехта захоча правесці мітынг за байкот выбараў ці рэферэндума — ён мусіць падаць заяўку ў адпаведны выканкам. А калі ён хоча надрукаваць улётку, то выданне ўлётак не рэгламентуецца законам "Аб масавых мерапрыемствах"! Галоўнае, каб гэта адпавядала, не ведаю, закону “Аб СМІ”. У любым выпадку, ніякага дачынення да закона "Аб масавых мерапрыемствах" гэта не мае.
Еўрарадыё: Вы нічога не сказалі наконт прапановы больш не выдзяляць кандыдатам сродкі на друк агітацыйных матэрыялаў…
Мікалай Лазавік: Такое меркаванне ёсць. Часам неэфектыўна выкарыстоўваюцца гэтыя сродкі. А калі будзе выбарчы фонд, то, можа, і ўлёткі ў кандыдатаў будуць больш маляўнічыя. Для чаго друкуюцца ўлёткі? Каб даць больш інфармацыі. Але яна павінна быць не вузкая, а пра ўсіх кандыдатаў: выбаршчык ад аднаго кандыдата атрымаў улётку, ад другога — не.
Шараговы выбаршчык палітычна неактыўны; бывае, даведваецца пра сваіх кандыдатаў, толькі калі прыходзіць галасаваць на выбарчы ўчастак. Было б нядрэнна, каб выбаршчык атрымліваў ад выбарчай камісіі не толькі запрашэнне прыйсці на выбары. Каб у гэтым запрашэнні былі і звесткі пра кандыдатаў, за якіх ён будзе галасаваць. Калі выбарчыя камісіі возьмуць на сябе абавязкі распаўсюджваць інфармацыю пра ўсіх кандыдатаў з дапамогай гэтых запрашэнняў на выбары, то інфармацыя будзе больш поўнай.
Еўрарадыё: І эканомія бюджэтных сродкаў…
Мікалай Лазавік: Можна скараціць бюджэтнае фінансаванне. Але з іншага боку — выбаршчыкі ў такім выпадку атрымаюць больш інфармацыі пра кандыдатаў. Бо ад каго з кандыдатаў дойдзе ўлётка, ад каго — не. А на гэтым запрашальніку з выбарчай камісіі будзе інфармацыя пра ўсіх — звесткі з біяграфіі, можа, нават з фотаздымкамі.
Еўрарадыё: Не баіцеся, што ва ўлётках за свае грошы кандыдаты будуць пісаць што заўгодна, не азіраючыся на ЦВК?
Мікалай Лазавік: І сёння, калі кандыдат друкуе ўлёткі за кошт свайго выбарчага фонда, не дыктуем яму, што ён павінен у гэтых улётках друкаваць. Тут нічога не мяняецца.
Еўрарадыё: Прадстаўнікі апазіцыі хочуць бачыць такія змены ў выбарчае заканадаўства, якія б гарантавалі ўключэнне ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў дэмсіл, якія б далі назіральнікам рэальныя магчымасці сачыць за падлікам галасоў. Гэтага ў вашых прапановах няма. То, можа, праўду кажуць, што вашы прапановы — не мадэрнізацыя выбарчага заканадаўства, а імітацыя гэтай мадэрнізацыі?
Мікалай Лазавік: На ўсіх пасяджэннях ЦВК прадстаўнікі апазіцыі заўсёды прымалі ў штыкі любую, нават, самую разумную ініцыятыву, якая сыходзіла ад сябраў ЦВК. Таму і сёння кажуць, што ўсё дрэнна і нават вельмі дрэнна. Роля ў іх такая, так яны і павінны сябе паводзіць!
Еўрарадыё: У інтэрв’ю Еўрарадыё вы прапаноўвалі ўнесці норму пра задатак, які павінен уносіць кандыдат — 300-500 долараў: зняўся датэрмінова, набраў зусім мала галасоў — грошы ідуць у дзяржаўную казну. Будзе такое?
Мікалай Лазавік: Мы абмяркоўвалі гэтую прапанову ў ЦВК, і я апынуўся ў меншасці. Але я мяркую, што калі б на парламенцкіх выбарах кандыдат уносіў долараў 500, а на мясцовых — 200 залога, напэўна, гарадскія вар’яты ці гульцы ў “невялікі піяр падчас выбараў” не пайшлі б на такія ахвяры.
Еўрарадыё: Каротка ахарактарызуйце, якім стане выбарчае заканадаўства пасля ўнясення прапанаваных ЦВК змен.
Мікалай Лазавік: Гэта — лібералізацыя выбарчага працэсу, перш за ўсё. Далучэнне да выбарчага працэсу большай колькасці суб’ектаў і пашырэнне магчымасцяў агітацыйнай кампаніі.
Еўрарадыё: Можа, хаця б пасля гэтых змен прадстаўнікі апазіцыі здолеюць прайсці хоць куды-небудзь?!
Мікалай Лазавік: Дай Бог нашаму цяляці ды воўка паймаці!
Фота: Змітра Лукашука