Летнія сінглы ад гуртоў “БульварЪ”, Farg Zeit ды New Image Orkestra

Лета ― самы час рыхтаваць санкі. Тут нам і сінгл “Зіма” маладога мінскага гурта “БульварЪ” у рукі! Тры вельмі розныя версіі адной песні. Адна ― альбомная, з выпукленымі бубнамі, сухаватымі гітарамі і прыхаваным вакалам.

Album version.mp3

"БульварЪ" - "Зима (Album version)"

Другая ― агрэсіўна-павольная, з вакалам, безгустоўна папсаваным папсовымі эфектамі.

Kulevski Remix.mp3

"БульварЪ" "Зима (Kulevski Remix) "

І трэцяя, зробленая адмыслова для сінгла, у якой гурт, здаецца, знайшоў-такі сваю халодную зімовую раўнавагу.

Single version.mp3 

"БульварЪ" ― "Зима (Single version)"

Зіма тут, натуральна, хутчэй, у думках, чым у музыцы. Вакальная манера і гітарныя выбухі нагадваюць “Бі-2”, але гэта ўсё ж не капіяванне, а пошукі свайго гучання. І доказ таму ― тры падрыхтаваныя версіі адной і той жа “Зімы”. Шукайце, хлопцы, шукайце. А мы будзем слухаць. І аглядаць.

Зусім іншы холад адчуваеш, слухаючы песні з EP "Moonlight" электроннага музыкі і прадзюсара Farg Zeit. Гукі ён дастае наўпрост з бясконцай касмічнай пустэчы, дзе тэмпература часам набліжаецца не да звыклых нам -25, а да абсалютнага нуля. Музыка, атрымліваецца трывожная, у лепшых традыцыях dark trance.

02 - Farg Zeit - Forest Of Industrial Chimneys.mp3

Farg Zeit ― Forest Of Industrial Chimneys [асцярожна! 24 Мб! ― Еўрарадыё]

Farg Zeit натхняецца змрокам начнога лесу. Не дзіва, што песні ў яго атрымліваюцца даволі аднастайныя. Але слухаць іх цікава: нешматлікай колькасцю гукаў музыка ўхітраецца трымаць у напружанні не адну і не дзве хвіліны… А вельмі сімпатычныя кропелькі пры канцы апошняй песні міньёна ― Lo Ann ― быццам бы каляровыя каменьчыкі на вузкай сцежцы ў халодным лесе, выводзяць нас з вусцішнага свету dark trance на шырокі касмічны прастор.

03 - Farg Zeit - Lo Ann.mp3

Farg Zeit ― Lo Ann

Ну што, не замерзлі там? Час крыху пагрэцца. Зараз вяртаемся наўпрост у лета, дзе сінглам Zaradzi Bozha шчыруе новы праект Аляксея Варсобы New Image Orkestra.

12750368.mp3

New Image Orkestra ― Zaradzi Bozha

Дысгармоніямі музыкі дасягаюць містычнага ўздзеяння на псіхіку: ты губляеш адчуванне часу-прасторы і згортваешся-разгортваешся разам з мяхамі акардыёна… Аркестр, дарэчы, складаецца ўсяго з трох чалавек, але дае такую паліфанію, што дай Божа!

12750426.mp3

New Image Orkestra ― Usie Chuzhyja Ljudzi

І тут у музыцы – трывожнасць. Але трывожнасць зусім іншая, не з космасу, а ад самай зямлі. Не такія ўжо і добрыя былі паганскія ідалы, якім пакланяліся нашы продкі. Таму ў песнях-малітвах поўна характэрных інтэрвалаў. Але і адносіны з людзьмі не менш складаныя: людзі-та ўсе чужыя! Адсюль і зіма ў думках, і імкненне схавацца ў дальнім космасе… Атрымліваецца, усе тры агледжаныя сёння сінглы ― пра адно і тое ж, пра адзіноту? Ну натуральна, пра адзіноту! На тое яно і слова такое ― сінгл.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі