Лідзія Ярмошына: міліцыя выдаляе назіральнікаў там, дзе яны дэбашыраць
Міліцыя выдаляе назіральнікаў з участка там, дзе парушаецца грамадскі парадак. Так старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына пракаментавала звесткі пра затрыманне незалежных назіральнікаў на выбарчых участках.
Па словах Ярмошынай, Цэнтрвыбаркам атрымлівае інфармацыю пра такія інцыдэнты ў цэлым па краіне. Ёсць звесткі пра знаходжанне на ўчастку ў нецвярозым стане, пагрозы іншым назіральнікам, вядзенне фота- і відэаздымкаў без дазволу старшыні камісіі і стварэнне перашкод для выбаршчыкаў.
"Адразу магу сказаць, што ў нас тут ёсць ад іншых назіральнікаў падрабязная даведка, нават сёння на 14 гадзін. Там, дзе яны дэбашыраць, выдаленні з дапамогай міліцыі ёсць. Усё астатняе — гэта ўзаемаадносіны і разборкі "камісія-назіральнік", — перадае словы чыноўніцы партал TUT.by.
Звесткі пра ініцыдэнты на ўчастках у ЦВК перадае афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Па словах Ярмошынай, участковым выбаркамам няма калі пісаць. "Дзякуй богу, нам дапамагаюць беларускія прафсаюзы. Яны даручылі ўсім сваім назіральнікам, стварылі кол-цэнтр, і ў іх сядзіць цэлая група, якая акумулюе на працягу дня ўсе паведамленні ад назіральнікаў, якія знаходзяцца на ўчастках. І яны нам гэтую інфармацыю пастаўляюць — мы папрасілі іх пра гэта, я выпадкова даведалася, што такая праца імі вядзецца", — распавяла старшыня ЦВК.
Яна лічыць, што заявы незалежных назіральнікаў пра неабгрунтаванае выгнанне з участкаў, не адпавядаюць рэчаіснасці. Па словах чыноўніцы, усё тлумачыцца лімітам у тры назіральнікі, уведзеным з-за пандэміі каранавірус.
Такой праблемы, па словах Ярмошынай, няма на тых участках, дзе склалі графік дзяжурства назіральнікаў. ЦВК рэкамендаваў усім камісіям скласці такі графік, але не ўсе гэта зрабілі.
"Вось, дарэчы, сёння калі ўзяць па рэгіёнах. У Брэсцкай вобласці прысутнічаюць на ўчастках 2225 назіральнікаў ад прафсаюзаў, грамадскіх аб'яднанняў і 83 альтэрнатыўныя. У Мінскай вобласці —толькі два альтэрнатыўныя на ўчастках. У Магілёўскай вобласці ўвогуле ні аднаго. У Гомельскай вобласці — 27 альтэрнатыўных. Мінск — 1987 назіральнікаў ад прафсаюзаў, 15 альтэрнатыўных. Гродзенская вобласць — 1717 назіральнікаў ад прафсаюзаў, БРСМ, Саюза жанчын і гэтак далей, 24 альтэрнатыўныя. Віцебская вобласць — адзін альтэрнатыўны. Увогуле, там, дзе камісіі склалі графікі і дамовіліся з назіральнікамі, там усё ў парадку", — каментуе старшыня ЦВК.
Пры гэтым яна кажа, што камісіі маюць права пускаць на ўчастках толькі тых назіральнікаў, якія зарэгістраваліся ў першай тройцы. І запускаць наступных пасля іх сыходу.
Як паведамлялася раней, у сувязі з каранавірусам ЦВК абмежавала колькасць назіральнікаў на выбарчых участках: тры — на датэрміновым галасаванні, пяць — у дзень асноўнага галасавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.