Лідзію Ярмошыну прызналі пацярпелай па справе Ціханоўскага

Лідзія Ярмошына / Еўрарадыё
Лідзія Ярмошына / Еўрарадыё

Следчы камітэт прызнаў старшыню Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну пацярпелай у межах крымінальнай справы блогера Сяргея Ціханоўскага.

Ярмошыну выклікалі ў СК для дачы паказанняў каля двух тыдняў таму, пасля таго, як яна напісала заяву на Ціханоўскага. Усё праз тое, што 27 траўня ў Магілёве блогер прапанаваў арганізаваць пікет па зборы подпісаў за вылучэнне ў прэзідэнты сваёй жонкі Святланы каля дома кіраўніка Цэнтрвыбаркама і "заадно зайсці да яе ў госці".

Лідзія Ярмошына палічыла гэта пагрозай. У Следчым камітэце яна сказала, што "спадар Ціханоўскі пагражаў прыйсці да яе дадому без яе згоды, што з'яўляецца ціскам і пагрозай яе бяспецы".

Яшчэ адна прэтэнзія Лідзіі Ярмошынай — гэта слова "прыстукнуць", якое выкарыстоўваецца на пікетах па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. На думку кіраўніка ЦВК, "прыстукнуць" —гэта сінонім словаў "забіць" і "знішчыць". То бок таксама пагроза.

"Гэта прамая пагроза, якая ўжо напісаная на пікеце па зборы подпісаў. Гэта мірны пікет?" — абуралася Ярмошына.

У Следчы камітэт кіраўнік ЦВК звярталася з просьбай праверыць, ці не парушыў Сяргей Ціханоўскі артыкул 191 КК Беларусі — "перашкода правядзенню выбараў Цэнтральнай і іншымі выбарчымі камісіямі, у тым ліку шляхам пагроз".

Аўтара Youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Ціханоўскаму і яшчэ сямі грамадзянам выстаўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама ў дачыненні да Сяргея завялі крымінальную справу па артыкуле 191 КК (перашкода выбарам), які і згадвала Лідзія Ярмошына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі