Лукашэнка абмяркуе з Сі Цзіньпінам супрацоўніцтва ў стварэнні ракет
Аляксандр Лукашэнка абмяркуе з кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам супрацоўніцтва ў стварэнні ракет. Пра гэта ён заявіў на мінулым тыдні падчас наведвання доследна-выпрабавальнага ўчастка прадпрыемства ў Мачулішчах, але гэтыя словы прагучалі толькі ў праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ. Раней Лукашэнка паставіў задачу стварыць айчынную ракету для "Паланэза", здольную наносіць удары на адлегласці 300 км. А пакуль ён страляе кітайскімі ракетамі. Аднак з распрацоўкай узніклі пэўныя праблемы.
"Кітайскія таварышы, калі яны сталі разумець, што ў нас штосьці атрымліваецца і мы зніжаем узровень залежнасці ад іх, у тым ліку і ў закупцы элементаў ракеты, пачалі такія "усходнія хітрыкі", — паведаміў Аляксандру Лукашэнку старшыня дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Раман Галоўчанка.
"Добра, давайце тады ці на маім узроўні нейкім чынам у бліжэйшы час перагаворым, — адрэагаваў кіраўнік дзяржавы. — Я з [старшынём КНР] Сі Цзіньпінам гатовы на гэтую тэму перагаварыць. Не думаю, што гэта будзе вялікай праблемай. Вядома, і вы, і яны — бізнесмены, яны дзесьці спрабуюць "адціснуць". Ну, ёсць і іншыя рычагі...".
Яшчэ адна праблема — абсталяваны палігон для выпрабавання такіх ракет. Разглядаюцца варыянты ў Кітаі, Казахстане, Узбекістане і нават у Саудаўскай Аравіі. А вось расійскі бок прадастаўляць беларусам палігон не хоча.
"Не трэба перад расіянамі станавіцца на калені, — заявіў Лукашэнка. — Гэта сігнал. Калі наш бліжэйшы саюзнік мала таго, што не пагадзіўся з намі ракету гэтую зрабіць, палігон не прадастаўляе...".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.