Лукашэнка абяцае тройчы падняць пенсіі і ўтрымаць заробкі сілавым структурам
Нарада ў Лукашэнкі / president.gov.by
Пенсіі ў 2023 годзе плануецца павысіць тры разы. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 23 снежня. Яна прысвячалася заробкам у бюджэтнай сферы.
Найбольшую ўвагу ён прысвяціў сілавікам. "Сённяшняя тэма — грашовае забеспячэнне вайскоўцаў. Спецпадраздзяленняў, спецслужбаў, у прыватнасці Камітэта дзяржбяспекі", — перадае прэс-служба Лукашэнкі ягоныя словы. Ён заявіў, што нельга разбалансаваць сістэму грашовага забеспячэння, якая склалася ў сілавых структурах.
Таксама ён запатрабаваў выконваць рашэнне пра будаўніцтва жылля для вайскоўцаў.
Таксама Лукашэнка заявіў, што "кавідныя" грошы, вылучаныя медыкам, засталіся ў сістэме аховы здароўя, але цяпер іх плацяць у выглядзе надбавак:
"Так склалася, што забіраць іх у лекараў пасля пандэміі неяк было непрыстойна. Хоць гэта не эканамічная катэгорыя. Дый эканоміка дазваляе нам нейкія сродкі зэканоміць. Таму было прынята рашэнне, каб кавідныя надбаўкі былі пакінутыя ў сістэме аховы здароўя, і за кошт іх пастарацца павысіць заробак".
А следам за медыкамі, маўляў, давялося павышаць заробкі выкладчыкам і настаўнікам.
Дарэчы, сярод медыкаў былі скаргі, што пасля адмены "кавідных" іх заробкі заўважна знізіліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.