Лукашэнка даручыў распрацаваць новыя правілы паступлення ў ВНУ
29 чэрвеня падчас сустрэчы з педагагічным актывам Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць новыя правілы паступлення ў ВНУ. Тэрмін — да наступнай уступнай кампаніі.
"Нам трэба ісці наперад і думаць пра развіццё нашай краіны, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — ...Пры адборы ў ВНУ прыёмнай камісіі неабходна бачыць чалавека, а не толькі (і не столькі, можа быць) вынік тэставання". Лукашэнка падкрэсліў: сістэма тэставання не дазваляе выкладчыкам "разгледзець у абітурыенце будучага сапраўднага грамадзяніна".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "сістэмай тэставання ў лепшыя ВНУ краіны" адсякаецца працавітая здольная моладзь, "бацькі якой, будзем шчыра казаць, не ўваходзяць у эліту нашай краіны". Паводле яго слоў, яны не маюць "вялікіх грошай". А яшчэ "сама сістэма не дае магчымасці паступіць у ВНУ дзецям, скажам, з сельскіх школ, дзе выкладанне яшчэ трошкі ніжэйшае, чым у буйных гарадах" і дзе "няма такога рэпетытарства, што можна дадаткова атрымаць веды".
Беларускі кіраўнік адзначыў, што "узяўшы лепшае з мінулай сістэмы паступлення ў ВНУ, тэставанне, якое мы ўжо прайшлі (гузы набілі)... пастаўлена задача перад Міністэрствам адукацыі да наступнай уступнай кампаніі стварыць новыя правілы паступлення ў ВНУ".
Лукашэнка паабяцаў, што новаўвядзенні будуць шырока абмяркоўвацца.
Сістсэма ЦТ была ўведзена ў нашай краіне ў 2003 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.