Лукашэнка і Эрдаган урачыста адкрылі Саборную мячэць у Мінску (фота)
11 лістапада ў Мінску ўрачыста адкрылі Саборную мячэць. Сімвалічную стужку каля параднага ўваходу ў мячэць перарэзалі Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган, інфармуе БЕЛТА.
Акрамя кіраўнікоў Беларусі і Турцыі ў цырымоніі ўрачыстага адкрыцця мячэці прынялі ўдзел таксама чыноўнікі, кіраўнікі і прадстаўнікі рэлігійных і нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў, амбасадаў, замежныя госці і вернікі. Лукашэнка і Эрдаган агледзелі мячэць знутры і пакінулі запісы ў Кнізе ганаровых гасцей Саборнай мячэці.
У сваім запісе Лукашэнка згадаў, што Беларусь здавён славіцца традыцыямі верацярпімасці. "На тэрыторыі нашай краіны бесперашкодна будаваліся мячэці, дзе кожны мусульманін мог знайсці месца для сустрэчы з Богам. Саборная мячэць у Мінску стане сімвалам міжканфесійнай згоды, месцам малітвы для жыхароў і гасцей сталіцы, якія вызнаюць іслам", — напісаў кіраўнік Беларусі.