Лукашэнка лічыць, што ў сацыяльнай сферы працуе зашмат людзей
Кіраўнік Беларусі лічыць неабходным у 2014 годзе правесці аптымізацыю выдаткаў у ахове здароўя і адукацыі.
Пра гэта Алякснадр Лукашэнка заявіў 30 снежня, калі наведваў гарадскі дзіцячы цэнтр медычнай рэабілітацыі "Пралеска" ў аграгарадку Ракаў на Міншчыне. Ён асобна падкрэсліў, што аптымізацыя павінна быць разумнай: "Калі трэба кагосьці пасля хваробы аднавіць, лячыць, гэта трэба рабіць. Але залішняга ні ў ахове здароўя, ні ў адукацыі быць не павінна".
Як перадае interfax.by, Лукашэнка адзначыў, што на сацыяльную сферу выдаткоўваюцца вялікія грошы. Ён абурыўся эгаізмам некаторых грамадзян: "А калі трэба дзесьці плячо падставіць (дзяржаве. — Рэд.), тады пачынаюць: "Мэрсэдэс" купіў за $100 тыс., а падатак транспартны ў $70 заплаціць, каб дарогі добрымі былі, не можам. Трэба ж разумець, што выдаткі на сацсферу велізарныя грошы".
Кіраўнік Беларусі лічыць, што падняць заробкі ў сацыяльнай сферы можна праз скарачэнне колькасці працуючых. "Я думаю, да прыкладу, у вас у кабінеце лекар працуе, медсястра, прыбіральшчыца асобная", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да дырэктара цэнтра "Пралеска". У гэтай сувязі ён адзначыў, што ва ўсім Палацы незалежнасці ў Мінску працуе не больш за 10 прыбіральшчыц.
Фота — БЕЛТА