Лукашэнка: Мы не афішавалі, але выказалі прапановы ўсім удзельнікам
Пасля саміта Лукашэнка даў бліц-інтэрв'ю. Яго мусяць паказаць на тэлеканалах "Расія 1" і "Расія 24" увечары ў суботу, 14 лютага.
12 лютага Аляксандр Лукашэнка даў эксклюзіўнае бліц-інтэрв'ю вядоўцу праграмы "Весткі ў суботу" на тэлеканале "Расія 1" Сяргею Брылёву. Пра гэта паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі. Размова адбылася паскля заканчэння саміту "нармандскай чацвёркі", які прайшоў у Мінску.
"Хачу, каб вы ведалі: мы гэта не афішавалі, але свае прапановы і сваю пазіцыю да перамоваў (аб урэгуляванні ўкраінскага крызісу) мы выказалі, і ўсе ўдзельнікі яе ведалі. Упэўнены, што наша пазіцыя па Украіне ў найбліжэйшай будучыні будзе запатрабаваная. Можа быць, гэта неяк паўплывала на тое, што вось у такім фармаце перамовы адбыліся ў Мінску", — заявіў беларускі кіраўнік падчас інтэрв'ю.
Акрамя таго, ён выказаўся наконт перспектываў далейшага развіцця адносін Беларусі з Захадам, станаўлення Еўразійскага эканамічнага саюза.
Плануецца, што інтэрв'ю выйдзе ў вечаровым эфіры тэлеканалаў "Расія 1" і "Расія 24" у суботу, 14 лютага.
Фота — president.gov.by