Лукашэнка параіў беларускаму войску вывучыць досвед украінскага канфлікту
А таксама паведаміў, што войска вызваляць ад лішкаў узбраення і ваеннай тэхнікі.
19 лютага Аляксандр Лукашэнка наведаў Міністэрства абароны, дзе сустрэўся з камандным складам. Па яго словах, якія перадае БЕЛТА, асноўнай задачай развіцця Узброеных Сіл на сучасным этапе з'яўляецца ўдасканаленне і паслядоўнае павышэнне ваеннага патэнцыялу.
"Развіццё арміі будзе ажыццяўляцца за кошт як вызвалення ад празмернасцяў запасаў ўзбраення і ваеннай тэхнікі, так і дадатковага фінансавання з бюджэту. Мы будзем мадэрнізаваць нашу тэхніку і разумна аптымізаваць колькасны і баявы склад нашай арміі", — паведаміў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка адзначыў, што сёння ніводная краіна не абароненая ад знешніх і ўнутраных пагроз: "І яны, як вы ведаеце, пачынаюцца з дэстабілізацыі абстаноўкі ўнутры дзяржавы. Паводле падобнага сцэнару развязваюцца многія ўзброеныя канфлікты. Нашыя суседзі на ўсходзе і захадзе актыўна пераглядаюць падыходы да прымянення войска як у ваенны, так і ў мірны час". Ён адзначыў, што беларускае восйка павінна вывучаць даосвед барацьбы і канфліктаў, у тым ліку ўкраінскага.
Таксама Лукашэнка нагадаў, што на 2015 год прызначаныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. У сувязі з гэтым ён згадаў "пятую калону" і яе "замежных заступнікаў", перадае БЕЛТА. Па яго словах, гэтыя людзі займаюцца правакацыямі: "Мы гэта ўсё праходзілі. У нас ёсць дзейсныя інструменты адэкватнага рэагавання. Але выключна ў прававым полі. І ўсе павінны разумець: мы ні з кім гуляцца не будзем і ў нас не заржавее, калі камусьці захочацца нейкага тут майдана ці яшчэ чаго-небудзь горшага".
Міністр абароны падарыў Лукашэнку аўтамат Калашнікава
Фота — president.gov.by