Лукашэнка павіншаваў Ціхана: Гэта сапраўдны подзвіг!
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларускага кідальніка молата Івана Ціхана, які заваяваў срэбра Алімпіяды ў Рыа.
"Гэта сапраўдны подзвіг! — цытуе віншаванне БЕЛТА. — Табе супрацьстаялі не толькі самыя моцныя кідальнікі планеты. Ты здабыў гэтую ўзнагароду, пераадолеўшы каласальны маральны ціск і псіхалагічны прэсінг. Насуперак сумневам і нападкам ты выйшаў у сектар і давёў усім, на што здольны сапраўдны патрыёт сваёй зямлі... Твая валявая перамога — выдатны прыклад для тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, якія робяць першыя крокі ў жыцці і спорце".
Як паведамляла Еўрарадыё, 40-гадовы Іван Ціхан прэтэндаваў на залаты медаль, але ў выніку саступіў амаль метр Дылшоду Назараву з Таджыкістана. На рахунку беларускіх алімпійцаў на сённяшні дзень 1 золата, 4 срэбра і 2 бронзы.