Лукашэнка расказаў міністру ўнутраных спраў, як павінна гуляць ХК "Дынама-Мінск"
Міністр унутраных спраў і старшыня назіральнай рады ХК "Дынама-Мінск" Ігар Шуневіч распавёў Аляксандру Лукашэнку пра сітуацыю ў клубе. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, гэта адбылося 16 чэрвеня падчас дакладу міністра.
"Час ужо выразна ставіць задачу перад камандай, на які ўзровень павінны выходзіць", — заявіў Лукашэнка. Ён абмеркаваў з Шуневічам меры, неабходныя для развіцця сталічнага хакейнага клуба. Кіраўнік Беларусі запатрабаваў ад дынамаўцаў больш якаснай і выніковай гульні ў гэтым сезоне, "каб ізноў не зганьбавацца перад беларускім народам".
Старшыня назіральнай рады ХК "Дынама" распавёў пра камплектаванне каманды. Па яго словах, у клубе рыхтуецца падпісанне шэрагу кантрактаў, у тым ліку з легіянерамі, з беларускімі хакеістамі і з трэнерскім штабам. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, у цэлым Лукашэнка ўхваліў гэтыя прапановы.