Лукашэнка: На працягу года з "дармаедаў" не будуць спаганяць збор
9 сакавіка на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням развіцця Беларусі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што будзе з "дэкрэтам пра дармаедаў" (дэкрэтам № 3 "Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства"). Паводле яго слоў, дэкрэт не адменяць, але на працягу года з "дармаедаў" не будуць спаганяць адпаведны збор, інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка агучыў не нейкія планы, а рашэнне па гэтым пытанні, якое набыло вялікі розгалас у грамадстве, стала прычынай вулічных акцый пратэсту.
"На працягу сакавіка, калі трэба, нам трэба падкарэкціраваць гэты дэкрэт, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце найперш чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я сказаў".
Мяркуючы па тым, што сказаў Аляксандр Лукашэнка, ёсць чатыры варыянты развіцця падзей:
1. Калі вам прыйшло паведамленне аб аплаце збору за 2015 год, і вы яго аплацілі — вам вернуць грошы.
2. Але калі вы "не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў" і ў 2016 годзе, то за яго вам залічаць ўжо аплачаны збор за 2015 год. Тады грошай не вернуць, але і плаціць зноў не трэба будзе.
3. Калі вам прыйшло паведамленне аб аплаце збору за 2015 год, і вы яго не аплацілі — віншуем, нічога плаціць не трэба!
4. Але калі дзяржава вырашыць, што і ў 2016 годзе вы былі "дармаедам", усё пачнецца па-новай: паведамленне аб аплаце збору, месяц на тое, каб заплаціць 20 базавых велічынь, пеня і пагроза адміністрацыйнага пераследу. Усё гэта ўжо з канца 2017 года.