Лукашэнка рэкамендаваў зменшыць пяро ў беларускіх клюшках
Пра хакей ішла размова ў Аляксандра Лукашэнкі, калі ён прымаў з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Прычына ў тым, што міністр з'яўляецца старшынёй назіральнага савета хакейнага клуба "Дынама-Мінск".
Шуневіч паказаў кіраўніку дзяржавы клюшкі, вырабленыя на базе крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС. Па яго словах, амаль усе падобныя ўстановы маюць неабходныя вытворчя базы. "Адна з клюшак драўляная з лакалізацыяй 100%, другая — пластыкавая з лакалізацыяй каля 50%. Першыя камплекты мы вырабілі, яны эксперыментальныя. Заканчваецца іх апрабаванне ў практычнай гульні. Як толькі атрымаем заключэнне спецыялістаў і выправім нейкія недапрацоўкі, накіруем іх у серыю", — цытуе БЕЛТА словы міністра.
Шуневіч лічыць, што беларускія клюшкі дастаткова канкурэнтаздольныя па кошце і якасці. Напрыклад, драўляная клюшка будзе каштаваць каля 36 рублёў.
Па словах міністра, Лукашэнка даручыў крыху ўдасканаліць клюшкі. У прыватнасці, парэкамендаваў паменшыць шырыню пяра клюшкі з дрэва.
Таксама Шуневіч паведаміў, што форма для юных хакеістаў паступіла ўжо ў серыйную вытворчасць пасля выпрабаванняў і невялікіх дапрацовак. "Мы пачалі абшываць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы па хакеі. Перакананы, што гэтая форма будзе запатрабаваная. Ужо сёння Федэрацыя хакея Беларусі размясціла папярэдні заказ на пэўную колькасць камплектаў. Думаю, такая ж сітуацыя будзе і з клюшкамі", — заявіў міністр.