Лукашэнка сілавікам: праверыць, дзе працуюць звольненыя чыноўнікі!
Кіраўнік дзяржавы даручыў у бліжэйшы час правесці маніторынг, каб праверыць, ці сеў хтосьці з "былых" у "цёплае крэсла".
У пятніцу Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічаў у паседжанні Савета міністраў. На ім разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2012 годзе і задачы на бягучы год. Лукашэнка жорстка скрытыкаваў дзейнасць ураду і прыгразіў яму адстаўкай. Таксама ён прыгадаў былых чыноўнікаў.
"У бліжэйшы час праваахоўныя органы здзейсняць маніторынг, і я папрашу Валерыя Вакульчыка [старшыню КДБ] з дзяржсакратаром [Савета бяспекі] ўжо пачынаць, ствараць групу. Паглядзіце, куды ўладкаваныя тыя, якія сышлі ці былі звольненыя. І не давядзі Бог мы знойдзем, што дзесьці, на нейкім узроўні звольнены чыноўнік сеў у цёплае крэсла, пра гэта ўжо нямала сказана, мала не падасца", — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Ён мяркуе, што ў гэтым "увесь корань праблем".
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Камітэт дзяржкантролю мусіць разабрацца ў выпадках, калі чыноўнік, яшчэ працуючы на сваёй пасадзе, стварае сабе "цёплае месца" ў нейкай камерцыйнай структуры. Пасля звальняецца і туды сыходзіць, "атрымлівае заробак у 10 разоў большы і някепска жыве".
Фота — ria.ru