Лукашэнка сустракаецца з Папам Рымскім Францішкам

Лукашэнка сустракаецца з Папам Рымскім Францішкам

У суботу, 21 траўня, Аляксандр Лукашэнка ў Апостальскім палацы ў Ватыкане сустракаецца з Папам Рымскім Францішкам. Кіраўнік Беларусі можа запрасіць пантыфіка ўпершыню наведаць нашу краіну.

Лукашэнка знаходзіцца з двухдзённым візітам у Італіі і Ватыкане. У пятніцу ён сустрэўся з італьянскім прэзідэнтам Серджа Матарэлай. Гаворка ішла пра актывізацыю гандлёва-эканамічных адносін краін, пра тое, каб італьянскі бізнес больш актыўна інвеставаў у нашую эканоміку. Беларускі кіраўнік прапанаваў стварыць беларуска-італьянскі бізнес-савет.

Лукашэнка сустракаецца з Папам Рымскім Францішкам
Фота: БЕЛТА

"Беларусь заўсёды будзе донарам стабільнасці і прыстойнасці ў адносінах як да Італіі, так і Еўрасаюзу ў цэлым", — сказаў Лукашэнка.

Як анансуецца, падчас сустрэчы кіраўніка Беларусі з пантыфікам гаворка пойдзе пра дачыненні дзяржавы з Каталіцкай царквой. Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка можа запрасіць Папу Францішка ў Беларусь, афіцыйна не паведамляецца. Яшчэ ў красавіку 2009-га падчас свайго першага візіту ў Ватыкан ён запрашаў Папу Рымскага Бенедыкта XVI прыехаць у нашу краіну. У сакавіку 2015 года стала вядома, што запрашэнне наведаць Беларусь ад уладаў Беларусі атрымаў ужо Папа Францішак. Аднак патрэбная была згода вядучай канфесіі краіны — праваслаўнай. Мяркуецца, што пасля сёлетняй сустрэчы на Кубе пантыфіка і маскоўскага патрыярха, візіт Папы Рымскага ў Беларусь стаў яшчэ больш рэальным.

"Калі дазволіць Пан Бог, то гэта будзе", — сказаў Папа Францішак год таму ў Рыме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі