Лукашэнка выказаўся пра Кемерава: Загінулі дзясяткі, можа быць, і сотні людзей

Лукашэнка выказаўся пра Кемерава: Загінулі дзясяткі, можа быць, і сотні людзей

27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам выказаўся пра трагедыю ў гандлёвым цэнтры “Зімовая вішня” ў Кемераве, дзе па афіцыйных звестках падчас пажару загінулі 64 чалавекі (мясцовыя жыхары перакананыя, што ахвяр сотні, у горадзе праходзіць масавы мітынг). Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў праверыць на бяспеку месцы масавага збору людзей у Беларусі і жорстка пакараць уладальнікаў будынкаў за сур’ёзныя хібы. Такія даручэнні атрымала не толькі МУС, але і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

На сустрэчы з Шуневічам Лукашэнка падкрэсліў, што даручыў праверыць не толькі гандлёвыя цэнтры, але і іншыя аб’екты, напрыклад, кінатэатры. “Мы ў мінулым годзе далі вялікую свабоду прадпрымальніцтву, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Калі ласка — стварайце, рабіце, прыносьце карысць дзяржаве. Папярэдзілі і на ўзроўні законаў пра тое, што адказваць будуць галавой, прабачэння не будзе ні за выбухі, ні за пажары. Не дай бог людзі загінуць. Адказваць будуць яны. Але, ведаеце, з іх нічога не возьмеш. Што з іх возьмеш, калі загінулі дзясяткі, а яшчэ не вядома, можа быць, і сотні людзей у гэтым цэнтры ў выходны дзень у Расіі, у Кемераве. Таму, каб, не дай бог, у нас гэта не адбылося”.

Лукашэнка лічыць, што МНС за кароткі час (да 1 красавіка) само не здолее выканаць задачу, таму і падключыў Міністэрства ўнутраных спраў. Правяраць будуць таксама і жылыя дамы. “У нас людзі так расслабіліся, што далей няма куды, — кажа кіраўнік дзяржавы. — Яны нават падвалы ў жывых дамах зачыніць на замок і праверыць не могуць. Гэта ж бесшабашнасць самая поўная! Праверце, каб потым нам усім не было балюча, калі нешта, не дай бог, здарыцца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі