Лукашэнка заклікае адказваць распаўсюднікам фэйкаў "іх жа зброяй"
Hacker Noon
12 сакавіка Савет бяспекі Беларусі абмяркоўвае новую канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі. Выступаючы на гэтым пасяджэнні, Аляксандр Лукашэнка заклікаў адказваць распаўсюднікам фэйкаў іх жа зброяй:
"Тое, чаго нам страшна не хапае, — трэба пашырыць сферу ўплыву айчынных сродкаў масавай інфармацыі і не баяцца выкарыстоўваць новыя формы працы ў медыяпрасторы, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Трэба навучыцца адказваць распаўсюднікам фэйкаў іх жа зброяй. І мы гэта ўмеем рабіць, але чамусьці лічым: «Ды добра, абыдзецца, пранясе»".
У Аляксандра Лукашэнкі выклікае непакой "нарошчванне дэструктыўных уздзеянняў на грамадства, маніпуляванне масавай свядомасцю, распаўсюджванне недакладнай інфармацыі": "Менавіта з іх пачынаюцца сацыяльныя катаклізмы сучаснасці. У выніку пакутуюць мільёны людзей, мяняецца палітычная карта свету. Адсоўваюцца на другі план агульнапрынятыя нормы маралі. Жыццядзейнасць любой дзяржавы становіцца ўсё больш уразлівай ад кампутарных інцыдэнтаў".
Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае — "хутка, выразна, максімальна поўна даносіць да людзей праўдзівую інфармацыю": "Калі гэта не зробім мы, гэта зробяць за нас, як цяпер нярэдка адбываецца. Але ведаеце, якую інфармацыю данясуць за нас, калі мы гэтага не зробім".
Па словах кіраўніка дзяржавы, работа па забеспячэнні кібербяспекі вядзецца ў Беларусі не першы год і "арганічна інтэграваная ў адпаведныя міжнародныя службы". "Разам з тым, Беларусь не абароненая ад кібератак і кіберзлачыннасці", — дадаў Лукашэнка.