Лукашэнка запатрабаваў ад КДК праверыць тарыфы на праезд
Камітэт дзяржкантролю павінен праверыць тарыфы на праезд у краіне. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка перад заслухоўваннем дакладу аб падатковай і акцызнай палітыцы ў 2016 годзе.
"Упэўнены, што мы там знойдзем рэзервы У тым плане, што тарыфы ў сябе ўвабралі і нейкія невытворчыя, іншыя выдаткі, якіх там не павінна быць. Паглядзім, які адсотак насельніцтва кампенсуе ад рэальных выдаткаў, паглядзім на гэтыя выдаткі. Трэба правесці рэвізію гэтых тарыфаў", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што праезд у грамадскім транспарце папярэдні раз даражэў у снежні 2015 года. Дабрабыт беларусаў з таго часу не палепшыўся. "Што змянілася? Народ разбагацеў, што мы сёння павысім тарыфы на чыгуначныя, прыгарадныя перавозкі ці гарадскім транспартам?" — запытаўся ён.
Ён заявіў, што не будзе ўхваляць "так званыя непапулярныя меры, якія сёння яшчэ раз удараць па насельніцтве".