Ля расійскай амбасады ў Кіеве беспарадкі: туды прынеслі плакаты “Смерць Расіі”

Ля расійскай амбасады ў Кіеве беспарадкі: туды прынеслі плакаты “Смерць Расіі”

Ля расійскай амбасады ў Кіеве адбыліся масавыя беспарадкі, падчас якіх затрыманыя двое чалавек, у тым ліку дэпутат Кіеўскага гарсавета. Як паведамляе тэлеканал 112 Украіна, пратэстоўцы прынеслі плакаты “Смерць Расіі” і пудзіла, падобнае да расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Людзі з такой атрыбутыкай прадставіліся расійскімі грамадзянамі.

18 верасня ў амбасадзе РФ у Кіеве праходзіць галасаванне на выбарах дэпутатаў Дзяржаўнай Думы. Грамадзяне Расіі, якія знаходзяцца ва Украіне, галасуюць на выбарчых участках у амбасадзе, а таксама ў трох консульствах — у Львове, Харкаве і Адэсе. У нядзелю раніцай да дыпмісіі ва ўкраінскай сталіцы прыйшлі дзясяткі пратэстоўцаў, якія хацелі перашкодзіць расіянам прагаласаваць. Удзельнікі мітынгу спрабавалі заблакаваць уваход у амбасаду і знесці агароджу.

На месцы беспарадкаў з’явіліся 300-400 праваахоўнікаў, якія ачапілі будынак расійскай дыпмісіі.

Беспарадкі адбыліся таксама ля консульства РФ у Адэсе. Там затрымалі чатырох чалавек, якія нецэнзурна выказваліся на адрас паліцыі.

Расія праводзіць выбары ў Дзярждуму на тэрыторыі анексаванага Крыма, што выклікае абурэнне з боку афіцыйнага Кіева. Украінскія ўлады раней звярнуліся да сусветнай супольнасці з заклікам не прызнаваць выбары на гэтай акупаванай тэрыторыі і не накіроўваць туды міжнародных назіральнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі