Лябедзька: Чыноўнікі павінны ведаць, што існуюць інструменты ўплыву на іх
Старшыня АГП пракаментаваў сённяшняе паседжанне міністраў замежных спраў ЕС, на якім быў пашыраны "чорны спіс" беларускіх чыноўнікаў.
У панядзелак у Люксембургу адбылося паседжанне міністраў замежных справаў ЕС. На ім быў пашыраны "чорны спіс" беларускіх чыноўнікаў. Па каментар Еўрарадыё звярнулася да старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.
111919 LebedzkaS.mp3
Лябедзька: "Калі чыноўнікі ў Беларусі не выконваюць Канстытуцыю, то трэба знаходзіць інструменты ўплыву, уздзеяння на іх. Усё ж адказнасць павінна быць. І калі гэтага не забяспечвае заканадаўства ўнутры краіны, то на гэта павінны быць скіраваны інструменты з замежжа...
Кожны чыноўнік павінен думаць, што ён можа трапіць у гэты спіс. Таксама як яго сваякі. Нашы чыноўнікі дастаткова багатыя людзі і свае выходныя яны любяць праводзіць за межамі Беларусі".
Анатоль Лябедзька лічыць, што чарговыя санкцыі супраць афіцыйнага Мінску — гэта рэакцыя на рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі. "Калі няма прагрэсу, то Еўрапейскі саюз мусіць уводзіць кропкавыя санкцыі", — адзначае палітык.
Лябедзька нагадаў, што перад самітам у Люксембургу шэраг апазіцыйных палітычных структур накіравалі зварот да міністраў і кіраўнікоў ЕС. "Там ідзе гаворка найперш пра стратэгію трох крокаў, — кажа Лябедзька. — І да гэтага звароту прыкладзены яшчэ дзве паперы: адна з іх — гэта ўдакладнёны спіс палітычных зняволеных па формуле "11+3" і асноўныя змены ў выбарчае заканадаўства. У кожнага міністра гэта мусіла быць на стале".
Ён выказаў спадзяванне, што "стратэгія трох крокаў" будзе абмеркаваная і ўхваленая на ўзроўні міністраў замежных спраў усіх краін-сяброў ЕС.
Лябедзька: "Будзем аптымістамі, пачнем рабіць па адным кроку: палітычныя вязні, свабодныя выбары і фінансава-эканамічная дапамога для Беларусі... Калі мы будзем размаўляць толькі пра палітычных вязняў і толькі пра свабодныя выбары, то значная грамадства можа сказаць: яны дбаюць пра нейкія свае інтарэсы. Таму трэба паказваць і перспектыву для людзей. Стратэгія вельмі ясная і зразумелая, ёсць паслядоўнасць крокаў. І кожны крок — гэта пасланне калі не да ўсяго беларускага грамадства, то да асобных яго сегментаў".