“Глядзіць і маўчыць”: Анатоль Лябедзька запісаў другое відэа #дзеадказ

“Глядзіць і маўчыць”: Анатоль Лябедзька запісаў другое відэа #дзеадказ

Адзін з лідараў “Аб’яднанай грамадзянскай партыі” Анатоль Лябедзька запісаў яшчэ адно відэа з хэштэгам #дзеадказ. Учора палітык заклікаў людзей задаваць пытанні Аляксандру Лукашэнку і абвясціў “народны дэдлайн”: даў кіраўніку краіны 24 гадзіны для таго, каб прыняць выклік і адказаць на 25 самых актуальных пытанняў у жывым эфіры.

Аляксандр Лукашэнка праігнараваў зварот, таму сёння Анатоль Лябедзька звярнуўся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, перад якімі кіраўнік Беларусі 19 красавіка выступіць са штогадовым пасланнем:

“Задайце Лукашэнку простае пытанне: чаму ён баіцца? Чаму ён ігнаруе тое, што хочуць ад яго пачуць мільёны людзей? Аляксандр Лукашэнка, рабіце выбар!” — заклікае Лябедзька.

Шмат каму відэа, якое ўчора запісаў Анатоль Лябедзька, нагадала ролік, у якім кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі нядаўна звярнуўся да прэзідэнта Пятра Парашэнкі. У сённяшнім відэа паралелі сталі яшчэ больш відавочнымі: Лябедзька згадаў і стадыён і жывы эфір. 19 красавіка Зяленскі і Парашэнка мусяць сустрэцца для дэбатаў у жывым эфіры на стадыёне “Алімпійскі”.  

Ці ведае Лукашэнка пра ролікі Лябедзькі і ці адрэагуе на іх падчас паслання 19 красавіка? Інтрыга!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі