Лябедзька: Галоўнае — сумленныя выбары, а не змяняльнасць улады

Еўрарадыё: 31 траўня вас чарговы раз пераабралі старшынёй АГП. Гэта справакавала вялікую дыскусію ў сацсетках. Людзі наракалі і на тое, што “чарговы раз” пераабралі, і што “выбары былі безальтэрнатыўныя”, і гэтак далей. Для вас такая рэакцыя стала нечаканай?

Анатоль Лябедзька: Ды нармальная, у прынцыпе, рэакцыя і на пераабранне старшынёй, і на вылучэнне кандыдатам на адзінага ад апазіцыі. А што да абвінавачванняў… Гэта нармальна для беларускай сітуацыі. Прагназавалася, што не будзе аднадушша. Нават у Лукашэнкі не атрымліваецца, каб яно было: дзе ён кантралюе на 100% з дапамогай фінансавых рычагоў і бізуна, то там, здаецца, быццам бы аднадушша. У мяне няма ні фінансавых рычагоў, ні бізуна — я ў рэальнай сітуацыі, якая ёсць.

Еўрарадыё: Тым не менш, за вашае пераабранне кіраўніком партыі прагаласавала 80,3% ад усіх дэлегатаў з’езду — звыклы для нашай краіны вынік галасавання…

Анатоль Лябедзька: Ведаеце, я так думаю, што калі ўзяць Аб’яднаную грамадзянскую партыю — як ты ні круці гэты “кубік Рубіка”, то ўсё адно атрымаецца прыкладна вось такі расклад…

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што ў такім выніку, у гэтых 80% на сваю карысць, вы былі ўпэўненыя. Навошта тады было праводзіць унутрыпартыйныя праймерыз і прапаноўваць сябрам партыі высоўваць сваіх кандыдатаў і на пасаду старшыні партыі, і на кандыдата ў адзіныя ад АГП?

Анатоль Лябедзька: Гэта цяпер мы можам казаць дакладна. Мы — адзіная ў Беларусі дэмакратычная структура, не толькі сярод палітычных структур, але і грамадскіх, якая жыве ў жорсткім рэгламенце. Кожныя два гады мы праходзім праз працэдуру справаздачы, ацэнкі, крытыкі і пераабрання — няма іншай такой структуры. Я не хацеў бы размаўляць катэгорыямі двухгадовай даўніны: што мяне два гады таму падтрымалі, таму я і сёння лідар. Праймерыз былі ў тым ліку і маім жаданнем — прайсці праз гэтую працэдуру ад пачатку да канца, я не баюся адкрытых працэдур. Я канечне спадзяваўся, што пры тым, што я асабіста інвестую ў партыю, то павінная быць ад гэтага аддача. Безумоўна, у мяне ёсць і аўтарытэт, і павага людзей — я гэта адчуваю, але гэта ўсё адно трэба правяраць праз працэдуру, на якую я ніяк не магу ўплываць. Я ж не фармую склад дэлегатаў на абласныя канферэнцыі. Мы аб’явілі адкрыты конкурс на пасаду кіраўніка партыі, намеснікаў. І было б добра, калі тыя крытыкі, якія ў партыі ёсць, ад пачатку сказалі: “Вось, мы альтэрнатыва Анатолю Лябедзьку!” Але на тым этапе прэтэндэнтаў не выявілася, і больш шырокай працэдуры праймерыз не атрымалася. Партыйцы маглі напісаць прозвішчы трох чалавек, якіх яны прапануюць на пасаду прэзідэнта. Дэлегаты сямі рэгіянальных канферэнцый АГП у выніку напісалі 33 прозвішчы. Я набраў 290 балаў, дзесьці 128 — Аляксандр Дабравольскі, 28 — Палякоў і далей усе астатнія. Прайшоўшы праз гэтую працэдуру, я пачуваўся больш камфортна і мацней стаяў на нагах.

Еўрарадыё: Для таго праймерыз і праводзілі, каб вы мацней стаялі на нагах напярэдадні партыйных выбараў?

Анатоль Лябедзька: Апошнія дзве выбарчыя кампаніі мы правялі пад брэндам “свабодныя і сумленныя выбары”. Гэта наш прыярытэт — вярнуць людзям права выбару. А калі мы апелюем да свабодных і сумленных выбараў, то гэтыя працэдуры мы павінныя найперш выкарыстоўваць у сябе. Да таго ж, працэдура праймерыз давала магчымасць паглядзець не толькі на падтрымку лідара, але і наколькі доўгая ў нас лава запасных, ці папулярныя рэгіянальныя лідары.

Еўрарадыё: Ну, і што — доўгая ў вас “лава запасных”?

Анатоль Лябедзька: Я ж сказаў — 33 прозвішчы. Я разумею, што лава дастаткова доўгая. Цяпер абураюцца: “Чаму ў канчатковы спіс для галасавання было ўнесенае толькі адно прозвішча?” Такое адчуванне, што калі б мы разыгралі сцэнку, дамовіліся і ўнеслі ў спіс яшчэ два прозвішчы, то гэта б зняло ўсе пытанні! Колькасны склад — яшчэ не гарантыя свабодных і сумленных выбараў і адказнага выбару. Ну, так атрымалася, што вылучылі на з’ездзе яшчэ чатыры прозвішчы (дэлегаты прапанавалі кандыдатаў на пасаду старшыні партыі — Еўрарадыё), з якіх трое — сябры маёй каманды. Калі сябры маёй каманды падзяляюць мае погляды, яны што — не павінныя былі здымаць свае прозвішчы, каб пагуляць у нешта?

Еўрарадыё: У іх што, няма палітычных амбіцый?

Анатоль Лябедзька: Побач з намі ёсць палітычныя структуры, дзе старых памянялі на маладых, і часцей за ўсё гэтая замена суправаджалася скандаламі. Хто пасля гэтага стаў мацнейшы, чым Аб’яднаная грамадзянская партыя? Пытанне ў тым, ці робіцца структура больш эфектыўнай, больш моцнай, а не ў тым, ці адбылася там інтрыга па разгойдванні чагосьці.

Еўрарадыё: Такая ж логіка і ў дзейнага кіраўніка дзяржавы: прыйдзе малады-незнаёмы, разбурыць усё, што зроблена, нашую стабільнасць і гэтак далей па вашым тэксце…

Анатоль Лябедзька: Гэта не логіка! Гэтае параўнанне абсалютна некарэктнае. Калі б Аляксандр Лукашэнка дапусціў такую працэдуру выбараў, як у АГП, то ўсё б стала на свае месцы. Фундаментальнае адрозненне ў тым, што ў нас кожныя два гады ідзе працэдура свабодных, сумленных выбараў, і людзі робяць асэнсаваны выбар. Хто не хоча — не галасуе, хто не хоча — псуе бюлетэнь, хто не хоча — можа вылучыць сваю кандыдатуру. Вось, заяўляюць, што на дэлегатаў уплывалі — хто якім чынам уплывае? Той жа спадар Балыкін і ўсе яго таварышы — дэлегаты кангрэсу. Вы кажаце, што ў нас абнаўлення кіраўніцтва няма. Мы за апошні час змянілі тры чвэрці складу намеснікаў, змененыя 40% кіраўнікоў абласных арганізацый!..

Еўрарадыё: У Саўміне таксама часам абнаўленне адбываецца…

Анатоль Лябедзька: У нас ідзе праз працэдуру выбараў. А праз што ідзе абнаўленне ў структурах улады? Праз прызначэнне!

Еўрарадыё: Вернемся да зняцця сваіх кандыдатур вашымі патэнцыйнымі канкурэнтамі на пасаду старшыні партыі. Прычына толькі ў тым, што гэта былі сябры вашай каманды?

Анатоль Лябедзька: Па шчырасці, матывацыі ў людзей няма. Адкуль яна будзе, калі палітыка ў нашай краіне не матывуе людзей да палітычнай канкурэнцыі, да таго, каб яны прафесійна займаліся палітычнай дзейнасцю. Таму калі партыя не праўладная, трэба адназначна сказаць, што праблем, рызыкі, пагрозаў для цябе і тваіх сваякоў значна больш, калі ты старшыня, чым дывідэндаў.

Еўрарадыё: І пра якую доўгую лаву запасных у такім выпадку можна казаць, калі на ёй, высвятляецца, няма ніводнага рэальнага прэтэндэнта на пасаду старшыні АГП?

Анатоль Лябедзька: Недзе яны ёсць… І я спадзяюся, што мы вырашым не сёння, дык заўтра праблему свабодных, сумленных выбараў, і канкурэнцыя будзе больш моцнай і вострай і ўнутры палітычных структур. Патэнцыял, які ёсць у палітыка, яшчэ трэба накладаць на розныя сітуацыі. Калі казаць пра патэнцыял, то ён ёсць у людзей, але мы не можам іх асуджаць за тое, што яны не могуць з тых ці іншых прычынаў узваліць на сябе дадатковыя праблемы ці паставіць сябе ў складаную сітуацыю. Я не магу гэтага патрабаваць ад людзей. У нас ёсць апазіцыя ўнутры партыі, але яна нейкая дзіўная. Я ж хачу, каб рэальна былі групы, якія маглі б прапанаваць альтэрнатыву, больш моцныя. Хачу ведаць, што калі яны прыйдуць да кіравання, то змогуць зрабіць структуру больш моцнай. Мы — за палітычную канкурэнцыю!

Еўрарадыё: Ваш аўтарытэт у партыі, зыходзячы з вынікаў галасавання на партыйных з’ездах, высокі цяпер, высокі ён быў і ў 2010 годзе. Цяпер вы не супраць паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, а ў 2010 годзе замест сябе накіравалі Яраслава Раманчука. Чаму? Тады ніякіх праймерыз, якія б назвалі прозвішча Раманчука, а не Лябедзькі, не праводзілася?

Анатоль Лябедзька: Мы і тады выступалі за правядзенне праймерыз для вызначэння адзінага кандыдата. Ідэю не падтрымалі, і намі было прынятае рашэнне знайсці чалавека, які б нечым адрозніваўся ад большасці палітыкаў. Стаўка на эканаміста была, на маю думку, правільнай. Пайшоў бы я — ізноў бы частка грамадства казала: “Ну, ізноў тыя ж самыя!” А пайшоў Раманчук…

Еўрарадыё: ...Лябедзька яго падставіў.

Анатоль Лябедзька: Ага, ён такі хітры, ён усё загадзя ведаў! Ёсць такая публіка, якая, што б ні здарылася, усё адно будзе незадаволеная. Але, на шчасце, не яны робяць трэнды ў палітыцы і пераменах. Прыйдуць дэмакраты да ўлады — яны ўсё адно будуць ныць пра тое, што не тыя людзі, не тыя твары. І пры гэтым самі палец на палец не пакладуць дзеля пераменаў.

Еўрарадыё: А можа, прычына незадаволенасці не ў сумневах наконт легітымнасці вашага пераабрання, а ў жаданні людзей бачыць змяняльнасць улады? Хаця б на ўзроўні партыі. А то вы ўжо ажно 7 разоў кіраўніком пераабіраліся! Можа, трэба нейкія абмежаванні па колькасці тэрмінаў?

Анатоль Лябедзька: Еўропа не мае такіх абмежаванняў і нармальна жыве, здаецца. Гельмут Коль і Маргарэт Тэтчэр былі пры ўладзе 16-17 гадоў. Яны, канечне, сышлі, але сышлі праз інструмент свабодных і сумленных выбараў. Але пакуль яны былі эфектыўныя для сваіх краін, за імі была падтрымка людзей.

Еўрарадыё: Вы за тое, што колькасць тэрмінаў пры ўладзе, ці то ў партыі, ці то ў краіне, абмяжоўваць не трэба?

Анатоль Лябедзька: Што для вас больш важна: свабодныя і сумленныя выбары ці абавязкова праз пэўны час чалавек сыходзіць? Для мяне — свабодныя і сумленныя выбары. А калі паставіць у такія жорсткія ўмовы абмежавання, то можа сысці эфектыўная каманда, якая толькі распачала рэформы. А пасля яе прыйдуць іншыя і гэтыя рэформы звернуць. Трэба вучыць людзей рабіць адказны выбар, каб яны пазбавіліся віруса папулізму. Абмежаванне, колькі тэрмінаў чалавек будзе кіраваць, не ўплывае на Аб’яднаную грамадзянскую партыю і на Беларусь можа не ўплываць. Калі б Ярмошына ўключыла ў склад выбарчых камісій аднолькавую колькасць прадстаўнікоў улады і апазіцыі і мы б прайшлі праз такую выбарчую кампанію, я быў бы першым, хто павіншаваў бы Лукашэнку з яго перамогай. Бо гэта было б сумленна і справядліва. Калі б у нас былі ў камісіях людзі, роўны доступ да выбаршчыкаў, каб быў празрысты падлік галасоў, то апазіцыя мусіла б зрабіць так, як робіцца ва ўсім цывілізаваным свеце. І тады Лукашэнка можа кіраваць.

Еўрарадыё: Такім чынам, удакладняю, вы за тое, што калі ўсе пералічаныя вамі ўмовы выбараў выконваюцца — то кіруй краінай хоць да смерці?

Анатоль Лябедзька: Нямеччына жыве па гэтым правіле, і нічога страшнага. І Злучанае Каралеўства не развалілася. І больш маладыя краіны — Польшча, Чэхія — так дасягнулі вялікіх перамен.

Еўрарадыё: Падвядзіце вынік — чым выбары кіраўніка АГП адрозніваюцца ад выбараў пад кіраваннем Ярмошынай кіраўніка краіны?

Анатоль Лябедзька: Старшыню АГП выбіраюць сумленна, свабодна і свядома. Гэта свядомы выбар паважаных людзей. Чаму нехта лічыць, што той жа Багданкевіч, Чыгір, Зінаіда Бандарэнка, Паўлаў, Пеціна — што іх можна дурыць? Калі ёсць прэтэнзіі па сутнасці нейкіх маіх заяў — па эканамічнай сітуацыі, па сацыяльных праблемах, — то я гатовы размаўляць, дыскутаваць. Але аспрэчваць тое, што ў нас выбіраюць, а Лукашэнка прызначае ўсіх пачынаючы ад сябе і заканчваючы старшынёй пасялковага савета, і не бачыць тут розніцы! Ну, прабачце, я тут нічым не магу дапамагчы — як гэта патлумачыць на пальцах? Я толькі падкрэсліваю, што калі б свабодныя, сумленныя выбары ў АГП былі ў фармаце краіны, мы б даўно ўжо былі іншай краінай.

Фота: Еўрарадыё, Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі