Лялькоў: Спадзяюся, частку незарэгістраваных кандыдатаў удасца “адбіць”

Еўрарадыё: 28 жніўня пройдзе пасяджэнне Цэнтрвыбаркама, на якім упершыню падчас гэтай выбарчай кампаніі будуць прысутнічаць сябры ЦВК з правам дарадчага голасу. Вас на гэта пасяджэнне ўжо запрасілі. Але навошта там патрэбная ваша прысутнасць? Для вас і тых структур, якія вас туды накіравалі?

Віктар Карняенка: Калі проста адседзець там побач з сябрамі, якія маюць “вырашальны голас”, то сапраўды — нічога талковага з гэтага ўдзелу не атрымаецца. Але зараз на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама будуць разглядацца скаргі людзей, якіх па той ці іншай прычыне не зарэгістравалі. Думаю, тыя людзі, якія адчуваюць адказнасць перад дэмакратычнай грамадскасцю Беларусі, павінны не проста прыйсці на гэта пасяджэнне і там выказаць сваю думку — падрыхтавацца. Найперш — запатрабаваць у ЦВК дакументы і паглядзець, наколькі абгрунтавана адмовілі тым людзям, наколькі рашэнні акруговых камісій адпавядаюць і закону, і здароваму сэнсу. Для таго, каб мець магчымасць падчас публічнага выступлення выказаць сваё абгрунтаванае меркаванне. Проста зрабіць усё шыта-крыта будзе камісіі складаней з удзелам такіх людзей, як мы. На большае, на жаль, не выпадае спадзявацца.

Ігар Лялькоў: На пасяджэнні камісіі будуць прысутнічаць і міжнародныя назіральнікі, і журналісты. Для нас галоўнае — праз іх распавесці грамадскасці пра механізм дзеяння гэтай вертыкалі — акруговыя камісіі, ЦВК — якія праводзяць гэтак званыя выбары, на канкрэтных прыкладах паказаць абсурднасць рашэнняў, якія яны часам прымаюць. Каб пра гэта даведалася як мага больш людзей, і самі яны маглі скласці сваё меркаванне наконт таго, што ў нас называюць выбарамі.

Еўрарадыё: Адмаўляюць у рэгістрацыі не толькі таму, што, нібыта, нешта не тое з подпісамі. Называюцца і іншыя прычыны: хтосьці штосьці не задэклараваў, у кагосьці праблемы з законам. Вы будзеце праводзіць нейкае расследаванне па названых прычынах адмовы?


Віктар Карняенка: Уявіце: сапраўды, да прыкладу, ёсць у чалавека нейкія памылкі — ён нешта не дапісаў, забыўся тыя 20 рублёў указаць. Не, каб папярэдзіць чалавека! Казаць: “Ты тут зрабіў памылку — выпраў, калі ласка!” Назіраюць з-за кута, ловяць за руку і пры гэтым радуюцца: “Мы злавілі!” І адказваюць: “Мы не абавязаныя вас папярэджваць”. Карацей, відавочна, што паміж народам і ўладай стаіць вялікі бар’ер у выглядзе гэтых камісій. Таму, я звяртаюся да кіраўнікоў усіх партый, не важна, што мяне вылучыла АГП, але я сябра ЦВК з правам дарадчага голасу. Сапраўды, мы не шмат чым можам дапамагчы, але жулікаў вывесці на чыстую ваду мы зможам. Усе, хто не стаў кандыдатам, і лічыць сябе пакрыўджаным — мы будзем мець магчымасць паглядзець, на якіх падставах людзям адмовілі. Звяртайцеся — мы дапаможам разабрацца ў гэтых адмовах! У дакументах па адмове ў рэгістрацыі павінны быць прозвішчы людзей, якія за гэтага прэтэндэнта нібыта не падпісваліся, калі прычынай адмовы ў рэгістрацыі называецца несапраўдныя подпісы. І ў гэтага прэтэндэнта будзе некалькі дзён каб “папрацаваць” з гэтымі людзьмі, знайсці іх. І калі яны насамрэч падпісваліся — узяць у іх паперы, дзе будзе напісана, што яны гэтыя подпісы ставілі. Каб гэтае пацвярджанне прадставіць у ЦВК.

Еўрарадыё: Так у вас усё ж такі ёсць рэальная магчымасць увесці хаця б кагосьці з тых, каму было адмоўлена ў рэгістрацыі, у выбарчы марафон да дня галасавання?


Ігар Лялькоў: Цэнтральная камісія можа адмяніць рашэнне акруговай камісіі, і ў тым ліку, рашэнне аб нерэгістрацыі кандыдата.

Еўрарадыё: Вы будзеце дабівацца рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў прэтэндэнтаў ад вашых партый — АГП і БНФ. А навошта, яны ж усё адно будуць здымаць свае кандыдатуры?


Ігар Лялькоў: Нам патрэбныя гэтыя людзі ў якасці кандыдатаў, каб яны маглі легальна давесці да выбарцаў пункт гледжання Партыі БНФ і на сітуацыю ў краіне ў цэлым, і на гэтыя псеўдавыбары. Нам яны патрэбныя, каб чалавек меў магчымасць выступу па радыё і тэлебачанні, меў магчымасць надрукаваць тэкст у дзяржаўнай газеце, меў магчымасць легальных сустрэч з выбаршчыкамі, выстаўлення пікетаў. Чым больш такіх людзей будзе, тым большы будзе ахоп насельніцтва па краіне. Таму кожны чалавек, зарэгістраваны ў якасці кандыдата, нам дарагі.

Віктар Карняенка: Вырашаць, калі здымацца, якім чынам здымацца — павінны самі палітыкі, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе і палітычныя партыі. А не тыя людзі, якія заселі ў камісіях, і выконваюць нечыя загады. Праз пэўны час кандыдаты могуць прыняць рашэнне здымацца, як могуць прыняць рашэнне і не здымацца — я не ведаю, якое будзе канчатковае рашэнне, але гэта павінна быць рашэнне саміх палітыкаў.

Еўрарадыё: Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік папярэдзіў — як толькі сябры вашых партый адмовяцца ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, то і вас выведуць са складу ЦВК. Ці шмат вы спадзеяцеся зрабіць за тыя дні, што застаюцца да гэтага моманту?


Ігар Лялькоў: Фактычна, адной з галоўных нашых прац будзе ўдзел у разглядзе скаргаў прэтэндэнтаў, не зарэгістраваных у якасці кандыдатаў. Гэтую частку працы мы дакладна паспеем зрабіць. Мяркую, да таго часу, як мы, магчыма, пакінем склад Цэнтрвыбаркама, мы зможам зрабіць тое-сёе і яшчэ.

Віктар Карняенка: І паспеем выступіць з некалькімі ініцыятывамі ў выглядзе праектаў пастаноў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Зноў такі — без асаблівага спадзявання, што яны будуць прынятыя. Але, адмаўляючы ў такіх пытаннях, як, да прыкладу, празрысты падлік галасоў, ЦВК сябе выкрывае і паказвае, чым яна насамрэч займаецца пры арганізацыі выбараў. У чым яе пазіцыя і ў чым яе функцыя. Калі праект пастановы пра празрысты падлік галасоў не будзе прыняты, то стане зразумела, што ЦВК не хоча, каб галасы лічылі. І пра гэта потым я буду на кожным узроўні расказваць. І такіх ініцыятыў будзе некалькі. Паўтару: мы не ішлі ў гэтую камісію з вялікімі спадзяваннямі на тое, што ўдасца зламаць створаную сістэму. Але я не бачу іншага шляху, апроч таго, каб па кроплі, па пунктах спрабаваць разбалансаваць гэтую сістэму і выкрываць яе перад беларускімі выбаршчыкамі.

Еўрарадыё: З’езды вашых партый, на якіх, хутчэй за ўсё, будзе прынятае рашэнне аб зняцці партыйных кандыдатаў, пройдуць 15 верасня. Ужо 16 дзверы ЦВК перад вашы зачыняцца. А гэта — самы пік агітацыйнай кампаніі, наперадзе будуць і датэрміновае галасаванне і дзень асноўнага галасавання. На іх можа столькі цікавага адбыцца, пра што вы маглі б гучна заявіць на пасяджэнні ЦВК! Не шкада такую магчымасць страчваць?

Ігар Лялькоў: Наўрад ці гэта адбудзецца ўжо 16 верасня — павінна быць праведзенае пасяджэнне Цэнтравыбаркама, на якім павінна быць прынятае адпаведнае рашэнне шляхам галасавання. Па-другое, як будзе, так будзе! Спадар Лазавік дарэмна спадзяецца, што гэта будзе так аўтаматычна — прэцэдэнтаў у найноўшай гісторыі Беларусі такому не было. У Выбарчым кодэксе напісана, што камісія можа выключаць, а можа і не выключыць. Да ўсяго, у ЦВК застаюцца назіральнікі і ад Партыі БНФ, і ад Беларускага Хельсінскага камітэта, і ад Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Так што, пэўны кантроль за тым, што адбываецца на пасяджэннях ЦВК і “апублічванне” гэтага будзе.

Еўрарадыё: Дарэчы, вы, спадар Віктар, апроч усяго, з’яўляецеся каардынатарам кампаніі “За справядлівыя выбары”. Будзе па выніках выбарчай кампаніі рыхтаваць даклад і для міжнародных інстытуцый, і для беларускай грамадскасці. Як, на ваш погляд назіральніка, праходзіць гэтая кампанія, якія папярэднія высновы?

Віктар Карняенка: Наша справаздача будзе складацца з пяці частак, і ўжо фактычна скончаныя тры блокі. Першы: нашы канструктыўныя прапановы да ўлады — як дэмакратызаваць выбарчы працэс. Нашы прапановы тычыліся працэдуры падліку галасоў, забеспячэння правоў назіральнікаў, гарантый палітычным партыям на ўдзел у выбарчых камісіях, магчымасцяў свабодна весці агітацыю і абмежаванняў датэрміновага галасавання. На ўсіх узроўнях нам было адмоўлена ў разглядзе гэтых прапаноў. Мы ўжо пішам першы раздзел нашай справаздачы пра тое, што ўлада першы тэст праваліла і насамрэч не хоча дэмакратызаваць выбарчы працэс. Другое — працэс фармавання камісій. Нават у параўнанні з 2010 годам у гэтым пытанні ёсць пэўны адкат і мы таксама гэта зафіксавалі. Трэці этап — рэгістрацыя кандыдатаў. Таксама вельмі шмат як мінімум незразумелага ў гэтым пытанні, і мы лічым, што дэмакратыяй тут нават і не пахне. Далей будзе этап агітацыі — наколькі яна будзе свабоднай. І будзе блок, звязаны з галасаваннем. У тым ліку — датэрміновым. З пяці гэтых запланаваных блокаў тры ўлада праваліла.

Еўрарадыё: І як з такім настроем вы думаеце наладзіць нармальныя працоўныя адносіны з сябрамі ЦВК і яго кіраўніцтвам — Ярмошынай і Лазавіком?


Ігар Лялькоў: Не гэта наша галоўная задача. Мы не будзем ісці на канфрантацыю дзеля канфрантацыі. Сваю задачу мы акрэслілі і мы будзем рабіць сваю працу, не звяртаючы ўвагі на рэакцыю спадара Лазавіка, спадарыні Ярмошынай ці нейкіх іншых удзельнікаў камісіі.

Віктар Карняенка: Некалі спадарыня Ярмошына выдумала цікавую формулу: што камісія — гэта такі працоўны орган, дзе ўсім павінна быць камфортна, утульна і ніхто не павінен піць кроў сябрам камісіі і перашкаджаць працаваць. А мне здаецца, што камісія — гэта плюралістычны орган, які павінен разглядаць усе праблемныя пытанні. Тут шмат залежыць ад палітычнай культуры ўсіх удзельнікаў працэсу. І не толькі ад апазіцыі — вельмі часта менавіта прадстаўнікі кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама паказваюць адсутнасць гэтай палітычнай культуры. У ацэнках, да прыкладу, палітыкаў, якія ўдзельнічаць у выбарчым працэсе. Мы не працуем на скандалы, але на тое, што мы будзем сядзець там і баяцца дыхнуць, кіраўнікі ЦВК могуць не спадзявацца.

На фота: Віктар Карняенка (злева), Ігар Лялькоў (зправа)

Фота: belsat.eu, forum.vitebsk.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі