Лявон Вольскі не прыйдзе на канцэрт 25 сакавіка каля Опернага тэатра
25 сакавіка на канцэрт каля Опернага тэатра ў Мінску не зможа прыйсці Лявон Вольскі. Пра гэта вядомы рок-музыка напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Па словах Вольскага, яшчэ ўлетку 2017 года ён прыняў прапанову выступіць у гэты дзень на канцэрце да 100-годдзя БНР у Беластоку, які ладзяць мясцовыя беларусы. Там яго выступ прызначаны на 18-ю гадзіну паводле беларускага часу. Музыка кажа, што спрабаваў дамовіцца з арганізатармі беластоцкага канцэрту пра перанос выступу на іншы дзень ці хаця б іншы час, "але яны маюць свае абавязкі і кажуць, што гэта немагчыма".
Выступіць на канцэрце ў Мінску, а потым паехаць у Беласток музыка не паспее. "Таму я заспяваю ў Мінску ў варыянце тэлемоста. Адбудзецца прэзентацыя маёй песні, прысвечанай 100-годдзю абвяшчэння БНР", — піша Вольскі.
"Я разумею, што гэта не тое самае, што быць на гэтым канцэрце асабіста, але, перабраўшы ўсе варыянты, хачу ўзяць удзел хаця б такім чынам. Бо гэта наша агульнае свята, і нават такія абставіны не мусяць нас раз'яднаць у гэты дзень. Мы працягваем шукаць іншыя варыянты выступіць у Беларусі ў межах свята, і калі іх знойдзем, абавязкова паведамім вам", — дадае ён.