Людзі, якія падалі ў Германіі заявы на Лукашэнку, расказалі СМІ свае гісторыі

Людзі, якія падалі ў Германіі заявы на Лукашэнку, расказалі СМІ свае гісторыі

Deutsche Welle апублікавала дзве гісторыі людзей, якія падалі заявы на Аляксандра Лукашэнку ў пракуратуру Германіі. 

Як распавядала Еўрарадыё, заявы на кіраўніка Беларусі падалі чацвёра нямецкіх адвакатаў ад імя 10 пацярпелых. Падставай стаў гвалт супраць мірных грамадзян пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Гэта выклікала абурэнне ў Лукашэнкі: ён заявіў, што не "нашчадкі фашызму" будуць яго судзіць.

У гутарцы з DW айцішнік Валерый Самалазаў расказаў, што працуе ў Вялікабрытаніі і прыехаў на радзіму адпачыць і прагаласаваць на выбарах. Пра падзеі вечара 9 жніўня ў МІнску ён даведаўся ад сяброў і знаёмых, бо інтэрнэт у краіне тады не працаваў. 

А на наступны дзень яго затрымалі, калі ён ішоў па горадзе: сілавікам не спадабалася яго майка з чэрапам "На ёй быў проста дыснэеўскі сімвал фільма "Карнік". Але ён іх так зачапіў. Сказалі, што гэта яшчэ і сімвал батальёна "Азоў". І пастаянна нагадвалі пра гэтую майку перад тым, як біць", — кажа Самалазаў. 

Калі сілавікі знайшлі ў яго брытанскія банкаўскія карты, англійскую сімку і пабачылі тэлефанаванні ў Вялікабрытанію то палічылі, што ўзялі арганізатара пратэсту. 

Яму сцягнулі рукі сцяжкай і білі. "Нада мной нахіляліся і шапталі: "Я бачу, ты болю не баішся. Зробім так, каб было балюча". Кровазварот спыніўся, праз нейкі час я не адчуваў рук па локаць. Станавілася невыносна балюча. Тады я сабраўся з духам папрасіць іх аслабіць сцяжкі. Сказаў, што ў мяне трое дзяцей і я не змагу іх пракарміць без рук. Але да мяне падляцелі і заламалі рукі за спінай яшчэ больш да галавы. Тады ў першы раз ад болю страціў прытомнасць", — згадвае айцішнік.

Ён згадвае, што яго часта білі. Мужчына кажа, што дагэтуль не адчувае кончыкаў пальцаў, яму выпісваюць антыдэпрэсанты і снатворнае. У Беларусі пачынаць справу па факце яго збіцця адмовіліся "ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства".

Польскага журналіста Кацпера Сініцкага затрымалі 10 жніўня ў цэнтры Мінска разам з сябрам фотарэпарцёрам. Ім заявілі, што яны "лялькаводы", якія прыехалі кіраваць пратэстамі. 

"Майго сябра збівалі ўжо ў бусіку, ён страціў прытомнасць. Мяне збівалі ў аўтазаку. Але горш за ўсё было менавіта ў РУУС. Там нас клалі тварам у падлогу з шчыльна замацаванымі рукамі за спіной, трымалі ў нязручных позах. Мы не маглі рухацца, нас неаднаразова палохалі, казалі, што калі будзем рухацца, то выб'юць усе зубы. Таксама прымушалі стаяць на каленях тварам у падлогу. Зацякалі ногі", — дзеліцца ўспамінамі журналіст.

Ён кажа, што затрыманых збівалі, не давалі ім піць і есці, выйсці ў прыбіральню. 

Прадстаўнік беларускай дыяспары ў Германіі Антон Малкін кажа, што сабрана дакументацыя на больш як сто падобных выпадкаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі